2016-08-23 12:21:00

Іранскі аятала напісаў ліст Францішку


Вялікі аятала Насэр Макарэм Шыразі напісаў ліст Святому Айцу, у якім падзякаваў за асуджэнне параўнання ісламу з тэрарызмам і насіллем. Нагодай для паслання сталі словы папы Францішка прамоўленыя 31 ліпеня 2016 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Кракава ў Рым.

Пантыфік тады адзначыў, што “не справядліва і не слушна атаясамліваць іслам з насіллем і тэрарызмам”, а гвалтоўныя людзі ёсць, сярод вызнаўцаў розных рэлігій.

Вялікі аятала назваў вартымі захаплення “мудрыя і лагічныя заключэнні” Святога Айца аб ісламе, якія “адрозніваюць рэлігію ад нечалавечых і зверскіх дзеянняў блюзнерскіх сектаў”, такіх як “Ісламская дзяржава”. У пасланні падкрэсліваецца важнасць заняцця сусветнымі рэлігійнымі лідэрамі “яснай і цвёрдай” пазіцыі супраць насілля і варварства, “асабліва калі гэтыя дзеянні чыняцца ў імя рэлігіі”.

Мусульманскі лідэр рашуча асудзіў забойства тэрарыстамі французскага святара кс. Жака Амеля 26 ліпеня 2016 г. у Руане, нагадваючы, што з аналагічным асуджэннем выступіла супольнасць мусульманскіх навукоўцаў і пераважная большасць вызнаўцаў ісламу.

Паводле яго слоў, секты нападабенства “Ісламскай дзяржавы” уяўляюць сабой “найгоршы крызіс сучаснай эпохі”. Іх “варварскія дзеянні не маюць нічога супольнага з рэлігіямі і іх філасофскімі школамі, а з’яўляюцца хутчэй плёнам матэрыялістычнага плану нейкай вялізарнай амаральнай суперсілы, якая не шукае нічога акрамя большага незаконнага абагачэння”. Аятала выказаў пажаданне, каб дзейнасць экстрэмісцкіх і тэрарыстычных груп была спынена як мага хутчэй.

Трэба нагадаць, што з асуджэннем джыхадзістаў выступіў 21 жніўня 2016 г. кароль Марока Мухамед VI бен аль Хасан. “Перад абліччам экспансіі цемрашальства, якое распаўсюджваецца ад імя рэлігіі, усе – мусульмане, хрысціяне, юдэі – павінны стварыць агульны фронт для супрацьстаяння фанатызму, нянавісці і самаізаляцыі ва ўсіх формах”, - заявіў манарх у эфіры дзяржаўнага тэлебачання.








All the contents on this site are copyrighted ©.