2016-08-23 13:02:00

Папа ўзначаліць малітву аб ахове стварэння


Папа Францішак ўзначаліць урачыстыя марыйныя Нешпары ў Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння. Набажэнства з гэтай нагоды пройдзе вечарам 1 верасня 2016 г. у ватыканскай базыліцы. 

Святы Айцец устанавіў Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння 10 жніўня 2015 г. Ён святкуецца штогадова ў першы дзень восені. Падзея мае экуменічны характар і яшчэ з 1989 г. адзначаецца Праваслаўнай Царквой.

Устанаўліваючы Дзень малітвы Пантыфік падкрэсліваў, што “духоўнасць неадрыўная ад прыроды” і “павінна перажывацца ў адзінстве з ёй”. Папа заклікаў да сапраўднага “экалагічнага навяртання”. Паводле яго слоў, клопат аб экалогіі з’яўляецца абавязковым, а не факультатыўным заданнем для вызнаўцаў Хрыста.

Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, на думку Святога Айца – гэта нагода, каб падзякаваць Богу за Яго “цудоўную справу” давераную чалавеку і папрасіць “аб Яго міласэрнасці за грахі здзейсненыя супраць свету ў якім жывем”. Святкаванне гэтага Дня разам з праваслаўнымі вернікамі, будзе сведчаннем адзінства хрысціян, якое ўзрастае, лічыць Папа.

Клопат аб абароне навакольнага асяроддзя з’яўляецца адной з важных рысаў цяперашняга пантыфікату. Другая энцыкліка Францішка “Laudato si’”, апублікаваная 18 чэрвеня 2015 г. была прысвечана менавіта праблемам экалогіі. Яна з’яўляецца першым у гісторыі падобным папскім дакументам на гэту тэму.








All the contents on this site are copyrighted ©.