2016-08-21 12:48:00

Францішак адрэагаваў на тэракт у Турцыі


Папа Францішак звярнуўся да вернікаў у сувязі з тэрарыстычным актам, які адбыўся на поўдні Турцыі. “Да мяне дайшла сумная навіна пра крывавы напад, які ўчора ўдарыў па ўмілаванай Турцыі. Памолімся за ахвяр, за тых, хто загінуў і атрымаў раненні і папросім аб дары спакою для ўсіх”, - сказаў Папа 21 жніўня 2016 г. пасля марыйнай малітвы “Анёл Панскі” у Ватыкане.

Пасля свайго звароту Францішак памаліўся ў цішыні, а затым разам з прысутнымі на плошчы св. Пятра пілігрымамі.

Тэракт быў здзейснены вечарам 20 жніўня ў паўднёватурэцкім горадзе Газіянтэп, недалёка ад мяжы з Сірыяй, падчас святкавання вяселля. Паводле паведамленняў СМІ, у выніку выбуху, які ўчыніў тэрарыст-смяротнік, загінулі па меншай меры 50 чалавек і каля 100 атрымалі раненні.








All the contents on this site are copyrighted ©.