2016-08-21 10:45:00

Кардынал: Евангелле становіцца прывабным праз сведчанне


“Неабходна памятаць словы папы Францішка: мы нікому не навязваем Евангелле; мы можам толькі сведчыць аб хрысціянскім жыцці і тады яно будзе прывабным, будзе прыцягваць да сябе людзей”, - заўважыў прэфект Кангрэгацыі па справаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.

Кардынал Жоао Браз дэ Авіс лічыць, што падобная евангелізацыйная стратэгія ляжыць у аснове дзейнасці свецкіх інстытутаў кансэкраванага жыцця. Іх прадстаўнікі сабраліся 21 жніўня 2016 г. у Рыме на сваю генеральную асамблею. У форуме прымае ўдзел 140 чалавек з 25 краін свету. 

Прэфект ватыканскай дыкастэрыі распавёў, што тэмай асамблеі з’яўляецца фармацыя членаў свецкіх інстытутаў. Удзельнікі сустрэчы будуць размаўляць пра тое, што значыць быць вучнямі Езуса і захоўваць вернасць сваім харызматам будучы ўключанымі ў кантэкст сучаснай культуры; што значыць жыць у братэрстве, нават калі пакліканне не прадугледжвае пражывання ў супольнасці. 

Важнай тэмай форума будзе тоеснасць свецкіх інстытутаў кансэкраванага жыцця, гэта значыць іх асвячаючая прысутнасць у свеце. “Часам яна здзейсняецца разам, а часам у адзіноце – у залежнасці ад паклікання – але заўсёды ў звычайнай працы, у свеце і на падабенства зачыну, які знутры павінен рухаць гэта евангельскае зерне, якое дапамагае расці грамадству”, - сказаў пурпурат.

Генеральная асамблея Канферэнцыі свецкіх інстытутаў кансэкраванага жыцця працягнецца да 25 жніўня 2016 г. У перадапошні дзень форума яго ўдзельнікі прымуць удзел у агульнай аўдыенцыі з папам Францішкам.








All the contents on this site are copyrighted ©.