2016-08-20 11:57:00

Прэфект новай дыкастэрыі пра "час свецкіх" у Касцёле


“Я заўсёды жадаў падтрымліваць свецкіх вернікаў і дапамагаць ім заняць належнае месца ў Касцёле”, - прызнаўся прэфект новастворанай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця біскуп Кэвін Джозэф Фарэл. 

Былы пастыр Даласкай дыяцэзіі ў ЗША лічыць, што цяперашні перыяд у гісторыі Касцёла з’яўляецца “часам свецкіх”. “Папа Францішак хоча ўключыць іх ва ўсе ўзроўні кіравання Касцёлам. Усе дарадчыя органы ўнутры Касцёла і курыі, патрабуюць свецкіх на асаблівых ролях”, - сказаў ён у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “Zenit”.

Новапрызначаны іерарх падкрэсліў, што ўпершыню статуты ватыканскай дыкастэрыі прадпісваюць абавязковую прысутнасць свецкіх вернікаў на пасадах падсакратароў кожнай з яе Секцый. “Свецкія павінны таксама прысутнічаць ў дарадчых органах і тых, якія займаюцца падтрымкай міжнародных арганізацый, рухаў, даследваннямі і гэтак далей”, - дадаў прэфект.

Біскуп Фарэл распавёў, што падобнага меркавання ён прытрымліваўся і падчас служэння ў Даласкай дыяцэзіі, пастырам якой з’яўляўся на працягу апошніх дзевяці гадоў. “Калі я прыбыў туды, адразу сабраў асабістыя справы ўсіх свецкіх, якія б маглі плённа выконваць розныя служэнні. Я заўсёды жадаў падтрымліваць свецкіх вернікаў і дапамагаць ім заняць належнае месца ў Касцёле”, - сказаў ён. 

68-гадовы амерыканскі біскуп ірландскага паходжання Кэвін Джозэф Фарэл 17 жніўня 2016 г. быў прызначаны прэфектам Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця – новай ватыканскай структуры, якая ўзнікла замест двух Папскіх радаў: па справах сям’і і па справах свецкіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.