2016-08-20 14:46:00

Наступніца Маці Тэрэзы: кананізацыя – стымул і гонар


Маці Тэрэза з Калькуты звяртала ўвагу на кожнага чалавека, асабліва на самага патрабуючага і адрынутага. Для яе не існавала бар’ераў, якія б маглі стрымаць ад нясення ў свет Божай Міласэрнасці, адзначыла генеральная настаяцельніца кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові, сястра Марыя Прэма Перык.

Паводле яе слоў, кананізацыя Маці Тэрэзы, якая 4 верасня 2016 г. пройдзе ў Ватыкане, падштурхоўвае да рахунку сумлення адносна таго, як сёння спаўняецца пакінуты ёй харызмат міласэрнасці.

“Кананізацыя – гэта вялікі гонар, якім Касцёл адарае Маці Тэрэзу, а таксама і нас, яе дзяцей, або заснаванае ёй таварыства”, -  распавяла Ватыканскаму радыё сястра Марыя Прэма. Гэта падзея, па яе словах, заахвочвае законніц да больш дасканалай рэалізацыі прыкладу будучай святой ў штодзённым служэнні, а таксама да наследвання яе духоўнасці.

“Гэта заклік да рахунку сумлення адносна перажывання нашага паклікання місіянерак любові, нашай малітоўнай еднасці з Богам, нашага адзінства з Езусам”, - дадала настаяцельніца.

Сястра Марыя Перык, паходзіць з Германіі. Яна ўзначаліла кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Божай Любові ў 2009 г. і з’яўляецца трэццяй кіраўніцай гэтай манаскай супольнасці пасля Маці Тэрэзы і яе наступніцы сястры Нірмалы.

Урачыстасці з нагоды кананізацыі будуць трываць у Рыме восем дзён. Кананізацыйную літургію ўзначаліць папа Францішак на галоўнай ватыканскай плошчы. 








All the contents on this site are copyrighted ©.