2016-08-20 11:22:00

Касцёл у Германіі: працягвае памяншацца колькасць святароў


У Германіі працягвае назірацца рэзкае памяншэнне колькасці прэзбітэрскіх пасвячэнняў. Драматычны недахоп святароў прымушае многія дыяцэзіі шукаць падтрымкі за мяжой: галоўным чынам у Польшчы і Індыі. 

Паводле дадзеных, прадстаўленых Канферэнцыяй Біскупаў Германіі, у 2015 г. у краіне адбылося 58 прэзбітэрскіх пасвячэнняў, супраць 75 у 2014 г. і 98 у 2013 г. Для параўнання ў 1990 г. святарамі ў Германіі сталі 295 чалавек.Тады ў краіне налічвалася каля 20 тыс. святароў, а сёння гэта лічба складае 14 тыс. 

Адной з формаў адказу на недахоп святароў у Германіі з’яўляецца аб’яднанне парафій. На працягу апошняга дзесяцігоддзя іх колькасць скарацілася з 13 300 да 10 800.

Няглядзячы на відавочны крызіс у сітуацыі з пакліканнямі да святарства, католікі працягваюць заставацца самай вялікай рэлігійнай супольнасцю ў Германіі і налічваюць каля 23,7 млн. чалавек, што складае каля 29% насельніцтва краіны.

Акрамя таго, упершыню за апошнія гады адзначаецца павелічэнне колькасці хростаў і сужэнстваў, а таксама памяншэнне афіцыйных адмаўленняў ад прыналежнасці да каталіцкай супольнасці. У 2015 г. перасталі быць членамі Каталіцкага Касцёла 181 925 жыхароў Германіі. Для параўнання, годам раней гэта лічба была значна вышэй: 217 716 чалавек.

Таксама станоўчая статыстыка тычыцца павелічэння колькасці сталых дыяканаў. Яна павялічылася з 3 236 у 2014 г. да 3304 у 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.