2016-08-19 14:28:00

Прадстаўлены сімвалы візіту Папы ў Грузію


Тэма міру будзе лейтматывам Апостальскага падарожжа папы Францішка ў Грузію. Яно пройдзе з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016 г. Затым Святы Айцец наведае Азербайджан.

Дэвізам падарожжа Святога Айца ў Грузію стануць словы з Евангелля паводле св. Яна: “Спакой вам” (20,19). На лагатыпе візіту яны будуць размешчаны на двух мовах: лацінскай і грузінскай. Сам сімвал Апостальскага падарожжа ўяўляе сабой круг, унутр якога змешчана выява стылізаванага крыжа, які нагадвае традыцыйны крыж св. Ніны, хрысціянскай асветніцы Грузіі. Жоўты, белы і чырвоны колеры лагатыпа тычацца ватыканскага і грузінскага дзяржаўных флагаў.

Выбар тэмы міру падкрэслівае супадзенне візіту з Юбілейным Годам Міласэрнасці і з’яўляецца заклікам да міру на ўсёй зямлі і ў прыватнасці ў азіяцкім рэгіёне, паведамляе ватыканская газета “L’Osservatore Romano”.

Падчас свайго прабывання ў Грузіі папа Францішак сустрэнецца з палітычным кіраўніцтвам краіны, прадстаўнікамі органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі. Пантыфік прыме ўдзел у двух экуменічных сустрэчах: з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі Ільёй ІІ і мясцовай супольнасцю Сіра-Халдэйскай Царквы. Папа будзе цэлебраваць св. Імшу, звернецца да каталіцкага духавенствам і кансэкраваных асобаў, наведае каталіцкі дабрачынны цэнтр і кафедральнага патрыяршы храм Грузінскай Праваслаўнай Царквы Свеціцховэлі.

У Азербайджане Францішак прабудзе адзін дзень, на працягу якога, апрача афіцыйных прывітальных урачыстасцяў, правядзе св. Імшу ў каталіцкім храме сталіцы і паабедае з салезіянскай супольнасцю, якая працуе ў парафіі; правядзе сустрэчу з Прэзідэнтам Азербайджана і прадстаўнікамі кіраўніцтва дзяржавы; сустрэнецца спачатку з мусульманскім шэйхам Каўказа ў мясцовай мячэці, а затым з праваслаўным епіскапам Баку і кіраўніком мясцовай яўрэйскай супольнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.