2016-08-18 11:11:00

Святы Айцец падзякаваў арганізатарам СДМ у Кракаве


Святы Айцец Францішак скіраваў ліст на імя кардынала Станіслава Дзівіша ў якім выказаў падзяку за правядзенне Сусветных дзён моладзі. Кракаўскі форум Пантыфік назваў “незабыўнымі днямі веры і малітвы”.

Папа падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго арганізацыі і прызнаўся, што меў магчымасць перажыць "хвіліны глыбокай еднасці з архідыяцэзіяльнай супольнасцю і пазнаёміцца з энтузіязмам веры невымернай колькасці моладзі з розных кантынентаў". 

Па словах Святога Айца, пашана з якой яго прымалі ў касцёльных і свецкіх асяродках, сведчыць аб любові палякаў да Касцёла і глыбокіх пачуццях да св. Яна Паўла ІІ. Францішак заклікаў духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Кракаўскай архідыяцэзіі нястомна сведчыць аб Божай міласэрнасці.

“Праз заступніцтва Марыі прашу Пана аб багацці дароў і ласкаў для цябе і ўсіх, хто давераны тваёй душпастырскай апецы, асабліва для моладзі, на час узрастання ва ўсё больш грунтоўнай прывязанасці да Евангелля”, - напісаў Папа да Мітрапаліта Кракаўскага.

Сёлетнія Сусветныя дні моладзі праходзілі 25-31 ліпеня 2016 г. У св. Імшы, якую папа Францішак цэлебраваў на іх заканчэнне, прынялі ўдзел каля 1,6 млн. чалавек. Наступны форум адбудзецца ў 2019 г. у Панаме.








All the contents on this site are copyrighted ©.