2016-08-18 09:40:00

Пантыфік звярнуўся да новага старшыні акадэміі “Pro Vita”


Пахіляцца над чалавечымі ранамі, каб лячыць іх – гэта заданне Касцёла, напісаў папа Францішак у звароце да новапрызначанага старшыні Папскай акадэміі “Pro Vita” і Вялікага канцлера Папскага інстытута Яна Паўла ІІ ў Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме арцыбіскупа Вінчэнца Пальі.

“Дарагі брат, па прычыне рэформы Рымскай курыі мне ўяўляецца мэтазгодным, каб таксама і ўстановы пастаўленыя на службу Апостальскай Сталіцы праз даследванні і падрыхтоўку спецыялістаў у пытаннях, звязаных з сужэнствам, сям’ёй і жыццём, працягвалі абнаўленне і далейшае развіццё, каб усё больш выразна ўпісаць сваю дзейнасць у гарызонт міласэрнасці”, - падкрэсліў Францішак у спецыяльным хірографе, апублікаваным 17 жніўня 2016 г. з нагоды прызначэння іерарха.

Пантыфік заўважыў, што з часоў Другога Ватыканскага Сабору да сённяшняга дня навучанне Касцёла па гэтых пытаннях шырока і глыбока развілася. У дадзеным кантэксце ён нагадаў пра нядаўні Сінод Біскупаў на тэму сям’і і выдадзеную пасля яго Апостальскую адгартацыю “Amoris Laetitia”. 

Францішак пажадаў, каб Папская акадэмія “Pro Vita” і Папскі інстытут Яна Паўла ІІ спрыялі пашырэнню каталіцкага навучання, адказваючы на выклікі сучаснай культуры і памятаючы, што ў тэалагічных даследваннях не павінны ігнаравацца “душпастырская перспектыва і ўвага да ран чалавецтва”.

Па словах Святога Айца, новыя актуальныя выклікі тычацца абароны годнасці чалавека на ўсіх этапах яго жыцця, узаемнай павагі паміж пакаленнямі, спрыяння паляпшэнню якасці чалавечага жыцця з улікам яго матэрыяльнай і духоўнай каштоўнасці і ў перспектыве сапраўднай “чалавечай экалогіі”, якая дапаможа знайсці першапачатковую раўнавагу паміж Стварыцелем, чалавекам і усім сусветам. 

Для дасягнення гэтай мэты Пантыфік заахвоціў да дыялогу з іншымі навуковымі інстытутамі і акадэмічнымі цэнтрамі, не толькі хрысціянскай накіраванасці, але і іншых рэлігій і культур. 

“Пахіляцца над чалавечымі ранамі, каб разумець іх, лячыць і аздараўляць – гэта задача Касцёла, які давярае святлу і сіле Уваскрослага Хрыста, здольнага ўвайсці ў месцы напружанасці і канфліктаў як “палявы шпіталь”, які жыве, абвяшчае і спаўняе сваю місію збаўлення і аздараўлення менавіта там, дзе жыццю індывідуўмаў найбольш пагражаюць новыя культуры канкурэнцыі і выкідання на ўзбочыну”, - напісаў Папа.

Напрыканцы свайго дакумента Францішак пажадаў, каб Папская акадэмія “Pro Vita” і Папскі інстытут Яна Паўла ІІ дзейнічалі ў супрацоўніцтве з заснаванай 15 жніўня 2016 г. Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.