2016-08-17 14:27:00

Францішак: Касцёл пакліканы служыць жыццю і еднасці


Бог хоча, каб кожны вернік быў канкрэтным удзельнікам Яго спачування,  сказаў папа Францішак 17 жніўня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён спаслаўся на евангельскае апавяданне пра памнажэнне Езусам хлябоў і рыбін (Мц 14, 15-20).

Пантыфік нагадаў, што пасля смерці Яна Хрысціцеля народ паўсюль хадзіў за Хрыстом, слухаючы Яго і прыносячы да Яго хворых. Езус, у сваю чаргу, быў спагадлівым да гэтых людзей. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца цуд, які Ён ўчыніў, каб накарміць стомленых і галодных вучняў. 

“Езус бярэ на сябе клопат пра тых, хто ішоў за Ім. І Ён жадае ўключыць у гэта таксама і сваіх вучняў. Таму кажа ім: “Вы дайце ім есці”. Ён паказаў, што тыя некалькі хлябоў і рыбін, якія яны мелі, дзякуючы сіле веры і малітвы, маглі быць раздзелены сярод усіх людзей. Тое, што Ён зрабіў, з’яўляецца цудам, але цудам веры, малітвы са спагадай і любоўю. Так Езус “разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні – людзям”. Яны бралі хлеб, дзялілі, давалі, а хлеб яшчэ заставаўся. Тады яны бралі яшчэ – так рабілі вучні. Пан выходзіць насустрач патрэбам людзей, але хоча зрабіць кожнага з нас канкрэтным удзельнікам свайго спачування”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што цуд памнажэння хлябоў і рыбін мае супольныя рысы з перамяненнем хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста.

“Зараз спынімся на жэсце благаслаўлення Езуса: “Ён “узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням”. Як бачна, гэта тыя ж жэсты, якія Езус учыніў падчас Апошняй вячэры і якія кожны святар чыніць, цэлебруючы Святую Эўхарыстыю. Хрысціянская супольнасць пастаянна нараджаецца і адраджаецца праз гэту эўхарыстычную еднасць”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што эўхарыстычны хлеб з’яўляецца хлебам еднасці і, у той жа час, дае новы імпульс служэнню хрысціян.

“Жыццё еднасцю з Хрыстом не мае нічога супольнага з пасіўным баўленнем часу і адыходам ад штодзённага жыцця, наадварот, яно ўсё больш уключае ў адносіны з людзьмі нашага часу, каб несці ім канкрэтны знак міласэрнасці і ўвагі Хрыста. Насычаючы Хрыстом, Эўхарыстыя, якую цэлебруем, паступова перамяняе нас ў Цела Хрыста і духоўную ежу для братоў. Езус хоча дасягнуць усіх, каб прынесці Божую любоў. Для гэтага робіць кожнага верніка служыцелем міласэрнасці”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што апавяданне пра памнажэння хлябоў і рыбін завяршаецца канстатацыяй факту, што ўсе былі насычаны і нават сабралі лішкі.

“Такім чынам, Езус дазволіў вучням выканаць свой загад. Так яны пазналі шлях, якім трэба прайсці: насычаць народ і трымаць яго ў еднасці, што значыць, служыць жыццю і адзінству. Таму папросім Пана, каб рабіў свой Касцёл усё больш і больш здольным да гэтага святога служэння, каб кожны з нас мог быць прыладай адзінства для ўласнай сям’і, на працы, у парафіі і групах, да якіх належым, бачным знакам Божай міласэрнасці, якая нікога не пакідае ў самоце і патрэбе, каб пашыралі адзінства і супакой сярод людзей, а таксама паміж людзьмі і Богам, бо гэта адзінства з’яўляецца жыццём для ўсіх”, - сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак нагадаў вернікам пра нядаўнюю ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і заклікаў іх крочыць па жыцці, імкнучыся да скарбаў вечнасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.