2016-08-17 12:58:00

У Папскай акадэміі “Pro Vita” новы старшыня


Арцыбіскуп Вінчэнца Палья стане новым старшынёй Папскай акадэміі “Pro Vita”, змяніўшы на гэтай пасадзе 78-гадовага біскупа Ігнасіа Караска дэ Паўла, і Вялікім канцлерам Папскага інстытута Яна Паўла II у Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. У Ватыкане апублікавалі 17 жніўня 2016 г. адпаведнае рашэнне папы Францішка. Яно ўскосна звязана з спыненнем існавання Папскай рады па справах сям’і, якую дагэтуль узначальваў арцыбіскуп Палья. Праблематыкай сям’і будзе адгэтуль займацца новаствораная Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця. 

Новаму кіраўніку Папскай акадэміі “Pro Vita” 71 гадоў, ён нарадзіўся ў 1945 г. Скончыў Латэранскі ўніверсітэт і атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1970 г. У 1981-2000 гг. быў пробашчам базылікі Маці Божай у Трастэвэрэ. Іерарх адыгрываў важную ролю ў мірных ініцыятывах Супольнасці св. Эгідзія, генеральным асістэнтам якой быў з моманту яе заснавання ў 1970-х гадах ХХ стагоддзя. У 2000 г. стаў Біскупам Тэрні-Нарні-Амеліі, а праз два гады – старшынёй Міжнароднай біблійнай федэрацыі. У 2012 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў яго старшынёй Папскай рады па справах сям’і. 

У Папскім інстытуце Яна Паўла II таксама новы старшыня. Ім папа Францішак прызначыў 71-гадовага кс. прэлата П’еранджэла Сэквэры.








All the contents on this site are copyrighted ©.