2016-08-16 14:01:00

Прэзідэнт Францыі анансаваў свой візіт у Ватыкан


Франсуа Аланд складзе 17 жніўня 2016 г. візіт у Ватыкане, паведамілі на афіцыйным акаўнце Прэзідэнта Францыі на “Twitter”. Гэта будзе яго другая сустрэча з Папам – першы раз Францішак прымаў яго на аўдыенцыі ў студзені 2014 г. Аланд, які – хоць быў ахрышчаны – лічыць сябе атэістам, спачатку наведае французскі касцёл св. Людовіка ў Рыме, каб там аддаць пашану ахвярам тэрарызму, а затым накіруецца ў Ватыкан.

Па дадзеных каталіцкай газеты “La Croix”, гэты візіт можа закрыць працяглы перыяд рознагалоссяў паміж Парыжам і Ватыканам. Яго першы візіт праходзіў на фоне сітуацыі з афіцыйным прызнаннем так званых аднаполых саюзаў у Францыі. Гэты будзе адбывацца пасля забойства 26 ліпеня кс. Жака Амеля ў адной з парафій Руанскай архідыяцэзіі. Праз некалькі гадзін пасля злачынства Аланд патэлефанаваў да Папы, каб выказаць боль французскага народа пасля гэтага жудаснага забойства. Ён запэўніў, што будзе гарантавана бяспека ў храмах і іншых месцах адпраўлення культу.

Францішак нагадаў яму тады, што сам Прэзідэнт паходзіць з Руана, што вельмі ўзрушыла Аланда. Праз некалькі дзён ён сустрэўся з журналістамі каталіцкай прэсы і прызнаў, што ён быў ахрышчаны ў Руанскай катэдры, дзе адбылося пахаванне забітага кс. Амеля. “Упершыню мы чуем, што ён кажа аб сваім хросце”, - сказалі яго супрацоўнікі. Само пахаванне святара зрабіла ўражанне на Прэзідэнце як “вобраз адзінства”. У размове з журналістамі ён высока ацаніў здольнасць рэлігійных лідэраў прапанаваць адказы на зло і знайсці словы, якія могуць аб’яднаць усіх, у тым ліку не-католікаў.

Трэба нагадаць, што са студзеня 2015 г. па май 2016 г. доўжылася складаная дыпламатычная сітуацыя, звязаная з прызначэннем французскага пасла пры Апостальскай Сталіцы. Гэта пасада заставалася вакантнай паўтара года пасля таго, як прапанаваная на яе Аландам кандыдатура Ларана Стэфаніні не была зацверджана Святым Пасадам. Было паведамлена, што кандыдат быў адхілены з-за праблем пратакольнага характару. Гаворка ішла пра спосаб абвяшчэння намінацыі, з якога вынікала, што Апостальская Сталіца нібыта ўжо пагадзілася з кандыдатам. Аб гэтым паінфармаваў Стэфаніні асабіста папа Францішак, прымаючы яго 17 красавіка 2015 г. у Ватыкане. Пантыфік заявіў, што адмова ў акрэдытацыі не мела ніякага дачынення да яго персоны. Прэзідэнт Аланд, у выніку, адмовіўся ад кандыдатуры Стэфаніні, прызначыўшы яго ў красавіку прадстаўніком у ЮНЕСКА. Новым паслом пры Святым Пасадзе стаў Філіп Цэлер.

Чарговы візіт Аланда ў Ватыкан павінен стаць магчымасцю “канчатковага паяднання” і новым пачаткам у адносінах, заўважае каталіцкае выданне “La Croix”.








All the contents on this site are copyrighted ©.