2016-08-16 13:28:00

Лютэране агучылі падрабязнасці візіту Францішка ў Швецыю


У Жэневе агучылі падрабязнасці візіту Францішка ў Швецыю, дзе ён прыме ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з успамінам 500-годдзя Рэфармацыі. Яны пройдуць 31 кастрычніка 2016 г. у гарадах Лунд і Мальмё.

Набажэнства ў Лундзе пачнецца каля поўдня і будзе складацца з двух частак. Асновай стане экуменічны даклад “Ад канфлікту да супольнасці – аб’яднаныя ў надзеі”, які Святы Пасад і Сусветная лютэранская федэрацыя апублікавалі ў 2013 г. Католікі і лютэране сумесна падрыхтавалі экуменічнае набажэнства менавіта на падставе думак, агучаных у ім. Аб гэтым паведаміў 15 жніўня 2016 г. на спецыяльнай прэс-канферэнцыі Генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі, святар Марцін Юнге.

Адначасова з святкаваннем у Лундзе будзе праходзіць буйная падзея з удзелам 10 тыс. вернікаў на “Мальмё-Арэне”, якія будуць назіраць за набажэнствам з удзелам Папы ў прамым эфіры. Затым Пантыфік, а таксама старшыня і генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі, адпаведна, біскуп Муніб Юнан і святар Марцін Юнге, прыбудуць на Арэну ў Мальмё. Тут павінна быць падкрэслена імкненне да агульнага сведчання і служэння католікаў і лютэран у свеце, у прыватнасці, праз сумесныя праекты ў галіне дапамогі бежанцам.

Набажэнства ў саборы Лунда, паведаміў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік лютэранскай федэрацыі, будзе трансліраваць шведскае тэлебачанне і іншыя тэлевізійныя каналы ва ўсім свеце. Плануецца таксама інтэрнэт-трансляцыя.

Гэты лютэранска-каталіцкі ўспамін Рэфармацыі з’яўляецца выдатнай магчымасцю “выказаць нашу агульную надзею на Хрыста”, сказаў генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі, у свеце, дзе “многія гутаркі былі спынены”, гэта стане сведчаннем “важнасці дыялогу”.

Францішак стане другім Пантыфікам, які наведае Швецыю. Яго візіт адбудзецца праз 27 гадоў пасля падарожжа св. Яна Паўла II у гэтую краіну. 8-10 чэрвеня 1989 г. Папа быў у чатырох гарадах: Стакгольме, Упсале, Вадстэне і Лінчэпінгу. Швецыя была адным з этапаў яго 10-дзённай паездкі ў Скандынавію. 1-10 чэрвеня 1989 г. Ян Павел II наведаў таксама Нарвегію, Ісландыю, Фінляндыю і Данію.








All the contents on this site are copyrighted ©.