2016-08-15 11:35:00

Францішак: Марыя вучыць маліцца з пакорай сэрца


“Будзем прасіць Марыю, нашу Маці, каб дапамагла нам маліцца з пакорай сэрца”, - напісаў папа Францішак у сваім твіце, прымеркаваным да ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначаецца 15 жніўня ў Каталіцкім Касцёле.

Паведамленне ў сацыяльнай сетцы ўпісваецца ў пасланне, якое Святы Айцец агучваў шматразова падчас свайго пантыфікату. Так, у год абрання, 12 кастрычніка на плошчы св. Пятра падчас працэсіі са статуяй Маці Божай Фацімскай, якая прыбыла ў Рым у рамках святкавання Марыйнага дня, ён адзначыў: “Верыць у Езуса азначае даць Яму наша цела, з пакорай і адвагай Марыі, каб Ён мог працягваць жыць сярод людзей; азначае даць Яму нашы далоні, каб суцяшаць малых і бедных; нашы ногі, каб ісці насустрач братам; нашы рукі, каб падтрымліваць тых, хто слабыя, і працаваць у вінаградніку Пана; наш розум, каб думаць і праектаваць у святле Евангелля; асабліва наша сэрца, каб любіць і прымаць рашэнні згодна з воляй Бога”.

Вера Марыі – гэта рух, падкрэсліў Папа. І Марыя ішла за Хрыстом на працягу ўсяго жыцця, а ісці за Панам азначае расці ў веры, слухаць Яго і дазваляць Яго слову весці нас. “Шлях Езуса – гэта любоў да канца, аж да ахвяравання жыцця, шлях крыжа”, - нагадаў Папа і падкрэсліў, што Марыя гэта зразумела ад самага пачатку.








All the contents on this site are copyrighted ©.