2016-08-14 12:36:00

Пантыфік падтрымаў дабрачынную ініцыятыву на сваёй Радзіме


“Няхай людзі бачаць у нашым жыцці Евангелле: ахвярную і верную любоў да Хрыста і братоў”, - напісаў 13 жніўня 2016 г. Францішак у сваім профілі на “Twitter”. Гэтыя словы з’яўляюцца выдатным адлюстраваннем ліста, які ад імя Папы даслаў кардынал Дзяржасакратар Пьетра Паралін да штогадовага дабрачыннага збору сродкаў у Аргентыне.

“Больш для тых, хто мае менш” (Más por Menos) – гэта традыцыйная калекта, якую ў краіне арганізуюць на карысць найбольш патрабуючых. Сёлета яна будзе праводзіцца 10 і 11 верасня пад дэвізам: “Больш міласэрнасці на карысць меншага выключэння”.

Ліст ватыканскага Дзяржсакрата быў накіраваны на імя старшыні камісіі епіскапату, адказнай за аказанне дапамогі найбольш бедным рэгіёнам краіны. Кардынал Паралін падкрэсліў, што ў гэты Святы Год Міласэрнасці Папа “заклікае прыкласці вялікія асабістыя і супольныя намаганні”. “Мы павінны выйсці насустрач шматлікім патрабуючым братам, якія адчуваюць сябе выключанымі з грамадства, і прывесці іх да блізкасці і любові Бога”, - напісаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

У лісце таксама гаворыцца, што “Пантыфік заклікае быць адчувальнымі да крыку болю шматлікіх людзей, выкінутых на ўзбочыну, якія, змучаныя беднасцю, шукаюць сяброўскай рукі, што дапаможа ім”. Кардынал Дзяржсакратар таксама дадаў, што “Хрыстус – сапраўднае аблічча міласэрнага Айца – дазваляе нам адчуць радасць ад дзялення ўласным часам і рэчамі з тымі, каго Бог любіць з упадабаннем, самымі беднымі і пакінутымі”.

Папскі заклік гучыць у момант, калі ў Аргентыне ідуць сур’ёзныя дэбаты з нагоды крызісу, у які пагрузілася краіна. Паводле рапарту, падрыхтаванага мясцовым каталіцкім універсітэтам, сацыяльна-эканамічная сітуацыя там значна пагоршылася ў апошні час. У асноўным гэта звязана з запаволеннем эканамічнага росту, высокім узроўнем інфляцыі і ростам беспрацоўя. У дакладзе падкрэсліваецца, што асабліва складанае становішча людзей, якія належаць да ніжэйшых слаёў сярэдняга класа. Мяркуецца, што ў апошнія месяцы амаль мільён асоб з гэтага сегменту грамадства адчулі на сабе жыццё за мяжой беднасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.