2016-08-14 13:20:00

Алімпіяда: зоркавага шэф-повара натхнілі словы Францішка


Дзякуючы Святому Айцу Францішку, італьянскі шэф-повар, уладальнік трох мішленаўскіх зорак, падчас Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра бясплатна корміць бедных. Штуршок да гэтага даў менавіта Пантыфік, які падчас сваёй першай сустрэчы з вернікамі на нядзельнай малітве “Анёл Панскі” пажадаў: “Buona domenica! Buon pranzo a tutti!” (Добрай нядзелі! Смачнага абеду!). 

Рэстаратар Масіма Батура прызнаўся ў гэтым у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Некалькі простых слоў для яго, як шэф-повара мелі вялікае значэнне. Гэтым ён слумачыць імкненне рэалізаваць падчас Алімпіяды сацыяльны праект “RefettoRio”, у рамках якога бедным з сталічных фавэл пастаўляецца бясплатнае харчаванне.

Ініцыятыва мае часовыя рамкі і будзе доўжыцца 55 дзён, паведаміў Батура. Яе падтрымаў, заснаваны італьянскім шэф-поварам фонд “Food for Soul”, а таксама мясцовая культурная ініцыятыва “Gastromotiva”, бразільскае Міністэрства сельскай гаспадаркі і мэр Рыа Эдуарда Паес.

Стравы гатуюць з таго, што застаецца ў сталоўках Алімпійскай вёскі. І гэта, паводле рэстаратара, упісваецца ў сённяшнее ўсеагульнае імкненне, агучанае на Сусветнай выставе ў Мілане ў 2015 г.: “Накарміць планету, энергія для жыцця”. Улічваючы, што на планеце 800 мільёнаў людзей, якія пакутуюць ад недаядання, алімпійская ініцыятыва, гэта добры прыклад, каб ісці наперад, лічыць зоркавы шэф-повар, чый рэстаран у Мадэне ў ліпені заняў першае месца сярод 50 лепшых рэстаранаў у свеце.

“Мы не можам нічога выкідваць, трэба сабраць апошнюю хлебную крошку, каб атрымаліся выключныя стравы”, - сказаў Масіма Батура, які спадзяецца, што яго праект у Рыа стане ўзорам для пераймання і мабілізуе да падобных ініцыятыў па ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.