2016-08-13 11:46:00

Чарговая “Пятніца міласэрнасці” папы Францішка


Францішак наведаў 12 жніўня 2016 г. – у чарговую “Пятніцу міласэрнасці” – рымскі цэнтр “Супольнасці папы Яна XXIII”, у якім ён сустрэўся з 20 жанчынамі, вызваленымі ад рабства прастытуцыі. 

У структуры, заснаванай у 60-я гады ХХ стагоддзя італьянскім святаром, кс. Арэстэ Бэнцы, пражываюць 7 нігерыек, 6 румынак, 4 албанкі, па адной жанчыне з Туніса, Італіі і Украіны. Іх сярэдні ўзрост – каля 30 гадоў. Усе яны падвяргаліся цяжкаму фізічнаму гвалту і знаходзяцца пад абаронай.

Святога Айца ў цэнтры прывіталі, апрача саміх жанчын, генеральны настаяцель Супольнасці Яна XXIII Паола Рамонда, духоўны памочнік, кс. Альда Бонаюта, два супрацоўнікі і дырэктар філіяла цэнтра ў паўночнай частцы Рыма.

Візіт Папы з’яўляецца яшчэ адным заклікам да сумлення людзей, да барацьбы з гандлем людзьмі, што Францішак неаднаразова называў “злачынствам супраць чалавечнасці” і “ранай на целе сучаснага чалавецтва, на Хрыстовым Целе”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы пасля падзеі.

Трэба нагадаць, што жэст Папы ўпісваецца ў ранейшыя візіты ў рамках “Пятніц міласэрнасці”, якія ён здзяйсняе ў кантэксце Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Сёлета ён пачаў гэтую ініцыятыву ў студзені з візіту ў дом апекі для састарэлых і невылечна хворых у Тор Спаката, у лютым ён наведаў супольнасць для былых наркаманаў у Кастэль Гандольфа, у сакавіку – у Вялікую пятніцу – Папа адправіўся ў Цэнтр прыёму бежанцаў у Кастельнуова-дзі-Порта, у красавіку наведаў бежанцаў і мігрантаў на грэчаскім востраве Лесбас, у маі – супольнасць “Chicco” для людзей з цяжкай формай разумовай адсталасці ў Чампіна, і ў чэрвені – дзве рымскіх супольнасці для пажылых і хворых святароў.

У апошнюю пятніцу мінулага месяца – 29 ліпеня, у ходзе свайго візіту ў Польшчу, Папа здзейсніў “маўклівы” візіт у былы канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц-Біркенаў”, а затым наведаў хворых дзяцей у кракаўскай дзіцячай бальніцы, а ў канцы дня правёў Крыжовы Шлях з удзельнікамі Сусветных дзён моладзі, між іншым, маладымі іракцамі, сірыйцамі і іншымі асобамі з тэрыторый, на якіх працягваюцца войны і канфлікты.








All the contents on this site are copyrighted ©.