2016-08-13 16:07:00

Кніга-інтэрв’ю Францішка з’явілася па-беларуску


Кніга-інтэрв’ю папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць” (Il nome di Dio è Misericordia) з’явілася па-беларуску. Ініцыятарам выдання выступілі: Віцебская дыяцэзія – менавіта ёй Ватыканскае выдавецтва і італьянскае выдавецтва “Piemme” перадалі правы на беларускі пераклад, – Грэка-каталіцкая парафія святамучаніка Язафата ў Полацку і Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Дарэчы, пераклаў кнігу супрацоўнік апошняй, Аляксандр Панчанка. Яна выйшла ў выдавецтве “Медысонт” накладам 950 асобнікаў. Падтрамаў выданне кнігі-інтэрв’ю Папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. 

“У размове з ватыканістам Андрэа Тарніелі папа Францішак, праз успаміны з маладосці і кранальныя эпізоды са свайго пастырскага досведу, тлумачыць прычыны абвяшчэння Надзвычайнага Святога Году Міласэрнасці. У кожнай старонцы кнігі адчуваецца прагненне дасягнуць усіх тых, якія шукаюць сэнс жыцця, шлях супакою і прымірэння, ацалення духоўных і фізічных ранаў. Не ўпускаючы з увагі этычныя і багаслоўскія пытанні, Францішак падкрэслівае, што Касцёл не можа зачыняць дзверы ні перад кім”, - гаворыцца ў анатацыі да кнігі і дадаецца, што яна “прызначана для шырокага кола чытачоў”.

Набыць кнігу можна будзе ўжо праз тыдзень. Упершыню яна з’явіцца ў кіёсках на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, якія пройдуць 19-20 жніўня 2016 г. Там адбудзецца і яе прэзентацыя, якую правядзе кс. д-р Мікалай Ціхановіч, які быў кансультантам яе беларускага перакладу.

Сусветная прэм’ера кнігі-інтэрв’ю “Імя Бога – Міласэрнасць” прайшла ў Рыме 12 студзеня 2016 г. Гэта, практычна, размова, якую правёў з Папам італьянскі журналіст-ватыканіст Андрэа Тарніелі, задаючы Францішку 40 пытанняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.