Папа адзначыць Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, 1 верасня 2016 г., урачыстымі Нешпарамі ў базыліцы св. Пятра. Аб гэтым паведаміла 12 жніўня 2016 г. Зала Друку Святога Пасаду.
Францішак устанавіў адмысловы Дзень у 2015 г., падтрымаўшы ініцыятыву праваслаўных хрысціян, якія адзначаюць яго з 1989 г. Ён патлумачыў сваю ініцыятыву жаданнем вызнаўцаў Хрыста “зрабіць свой унёсак у перамогу над экалагічным крызісам, які перажывае чалавецтва” і заклікаў да сапраўднага “экалагічнага навяртання”.
У сваім адмысловым лісце на імя кардынала Пітэра Тарксана, старшыні Папскай рады “Iustitia et pax”, і кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству Святы Айцец падкрэсліў, што Сусветны дзень малітвы – трапная нагода, каб падзякаваць Богу за Яго “цудоўную справу”, давераную чалавеку, і папрасіць “аб Яго міласэрнасці за грахі здзейсненыя супраць свету”. Святкаванне гэтага дня разам з праваслаўнымі з’яўляецца сведчаннем адзінства хрысціян, лічыць Папа. Ён адзначыў важнасць святкавання Дня не толькі на касцёльным узроўні, але і міжнародным, і міжрэлігійным.
Да папскай ініцыятывы далучыўся таксама і Касцёл у Беларусі. Старшыня мясцовай Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, у паразуменнi з усiмi пастырамі беларускiх дыяцэзій, выдаў рапараджэнне падтрымаць на ўзроўні парафій малітоўную ініцыятыву Францішка, “маючы на ўвазе няпростую экалагічную сiтуацыю ў Беларусi”.
“Сусветны дзень малiтвы аб ахове стварэння павiнен стаць нагодай да аднаўлення нашага паклiкання быць вартаўнiкамi стварэння i да супольнага разам з iншымi хрысцiянскiмi супольнасцямi адказу на такі небяспечны выклiк нашага часу, якiм з’яўляецца экалагічны крызiс”, - падкрэсліў у распараджэнні арцыбіскуп Кандрусевіч.
All the contents on this site are copyrighted ©. |