2016-08-12 11:02:00

Ватыканская рэформа – адаптаванне да патрабаванняў часу


Рэформу Рымскай курыі, якую праводзіць папа Францішак, варта разумець у духу папы Паўла VI, гэта значыць як яе ўпарадкаванне і адаптаванне да патрабаванняў часу. Гэта не новая бюракратычная машына, а супольнасць на службе Касцёла і свету. Такое меркаванне выказаў біскуп Марчэла Сэмерара, сакратар Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі.

Італьянскі іерарх казаў пра гэта з нагоды прэзентацыі кнігі “Павел VI і Рымская курыя” рэгента прэфектуры Папскага дому, кс. Леанарда Сапіенцы. Ён падкрэсліў, што Павел VI і Францішак не выкарыстоўвалі ў афіцыйных дакументах слова “рэформа”. Першы з іх у Апостальскай канстытуцыі “Regimini Ecclesiae universae” ад 15 жніўня 1967 г. кажа пра “новы парадак”, у той час як Францішак у хірографе ад 28 верасня 2013 г., якім стварыў Раду кардыналаў па дапамозе ў кіраванні Касцёлам, піша пра “перагляд” Апостальскай канстытуцыі “Pastor Bonus” аб Рымскай курыі з 1988 г.

Мэта – гэта паслядоўнае, эфектыўнае і душпастырскае кіраванне, сказаў біскуп Сэмерара. Ён растлумачыў, што гэта выяўляецца ў ліквідацыі беспрадметных структур, ствараючы новыя арганізмы, лепш прыстасаваныя да патрабаванняў новага часу, спрыяючы іх эфектыўнай каардынацыі і супрацоўніцтву. Гаворка ідзе таксама пра “інтэрнацыяналізацыю” Курыі. Усё гэта, па словах сакратара Рады кардыналаў, зроблена ў духу служэння Касцёлу і свету.

Біскуп адзначыў, што Паўлу VI важна было не толькі перадаць ініцыятыву з Рыма ў мясцовыя Касцёлы, але і ўзбагаціць Касцёл у процілеглым кірунку. Гэтая інтуіцыя ўжо не праект ці гіпотэза, але са зменамі, унесенымі Францішкам, у духу II Ватыканскага Сабора, канкрэтны гарызонт, да якога трэба рухацца, лічыць італьянскі біскуп, які прымае непасрэдны ўдзел у ватыканскіх пераўтварэннях.








All the contents on this site are copyrighted ©.