2016-08-11 15:09:00

Працэс уключэння лефебрыстаў у структуры Касцёла ідзе наперад


Працэс уключэння Святарскага Брацтва св. Пія X у структуры Каталіцкага Касцёла ідзе наперад, і папа Францішак прапануе яму статус персанальнай прэлатуры, як у выпадку “Opus Dei”. Пра гэта павеламіў у інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку “Die Zeit” арцыбіскуп Гвіда Поцца, сакратар Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, якая вядзе дыялог з лефебрыстамі.

64-гадовы іерарх патлумачыў, што поўная інтэграцыя Брацтва магчыма без папярэдняга прыняцця імі навучання, змешчанага ў некаторых дакументах II Ватыканскага Сабора, якія яны ставяць пад пытанне: дэкларацыі пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra Aetate”, дэкрэту пра экуменізм „Unitatis redintegratio”, дэкларацыі пра рэлігійную свабоду “Dignitatis Humanae” і іншых тэкстаў пра ўзаемасувязь паміж хрысціянствам і сучасным светам.

Арцыбіскуп Поцца заўважыў, што Сабор быў не “пастырскім супердагматам”, а “часткай поўні традыцыі і бесперапыннага настаўніцкага навучання” Касцёла. Ён адзначыў, што некаторыя з саборных тэкстаў не носяць дактрынальнага характару і, такім чынам, не з’яўляюцца абавязковымі ў сумленні.

Іерарх падкрэсліў, што абавязковым для прыняцця з’яўляецца “пацвярджэнне вызнання веры, сакрамэнты і прызнанне папскага прымата”. Кажучы пра вучэнне II Ватыканскага сабора, арцыбіскуп Поцца сказаў, што некаторыя яго элементы з’яўляюцца абавязковымі ў сумленні, напрыклад, таямніца біскупства і прызнанне яго як паўнаты сакрамэнту пасвячэння, прымат папы і калегіі біскупаў з Папам у якасці галавы і г.д. Усё гэта з’яўляецца асновай дактрынальнай дэкларацыі, якая была прапанавана для падпісання Брацтву св. Пія X. Іерарх нагадаў, што для кожнага католіка, гэта “ўмовы поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам”.

Сакратар Папскай камісіі “Ecclesia Dei” лічыць, што далейшыя абмеркаванні з Брацтвам павінны сканцэнтравацца вакол герменеўтыкі саборных дакументаў на фоне бесперапыннасці Традыцыі. Ён адзначыў, аднак, што Традыцыя не з’яўляецца ні нечым мёртвым, ні нечым, што павінна быць адаптавана да ўсіх аспектаў сучаснай культуры.

“У гэты цяжкі момант замяшання і дэзарыентацыі, што мы перажываем сёння, задачай тых, хто жадае заставацца вернымі традыцыі Касцёла з’яўляецца ўмацаванне хрысціянскай веры і місіі. Я спадзяюся, што Святарскае Брацтва св. Пія X пасля поўнай інтэграцыі будзе мець магчымасць унесці свой уклад у гэта місійнае апостальства і ўмацаванне каталіцкай веры ў нашых грамадствах і ў свеце”, - сказаў арцыбіскуп Гвіда Поцца.








All the contents on this site are copyrighted ©.