2016-08-11 11:38:00

Ватыкан: дабрачынная дзейнасць у перыяд адпачынку


Папская элемазінарыя працягвае клапаціцца пра бедных у перыяд летніх канікулаў – у час, калі большасць дабрачынных структур у Італіі прыпыняе сваю дзейнасць. На працягу некалькіх апошніх дзён гэта структура праводзіла чарговую ініцыятыву на карысць бедных, якія жывуць у ваколіцах плошчы св. Пятра. Аб ёй распавёў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё Апостальскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі. 

“Мы забіраем нашых бедных з вуліцы Канчыліяцыёнэ і нашага дарміторыя – ад 12 да 15 чалавек – і каля апоўдня едзем на мора. Праз некалькі гадзін праведзеных там, ідзём у піцэрыю на абед. Тут можна і паразмаўляць”, - падзяліўся іерарх.

Па словах арцыбіскупа Краеўскага, сярод бяздомных ёсць асобы з розных краін свету, “але агульную мову заўсёды атрымліваецца знайсці”. Падобныя ініцыятывы, на яго думку, дапамагаюць вярнуць годнасць бедным. Для гэтага не трэба шмат – дастаткова дзяліцца тым, што з’яўляецца дасяжным і звычайным, перакананы іерарх. 

“Я атрымліваю надзвычайны досвед ад такіх абедаў з беднякамі”, - сцвердзіў элемазінарый. Ён распавёў, што тут бяздомныя паводзяць сябе як звычайныя людзі: калі за сталом хтосьці з іх адкрываецца і распавядае сваю гісторыю – іншыя слухаюць. “Пачаць слухаць! Я думаю, што гэта таксама добры ўрок для нас”, - адзначыў арцыбіскуп.

Ватыканская ініцыятыва была прымеркавана да ўспаміну св. Лаўрэнція, які адзначаўся 10 жніўня 2016 г. Гэты мучанік і дыякан вельмі шануецца ў Італіі. Ён жыў у ІІІ ст. і быў звязаны сяброўскімі адносінамі з папам Сікстам ІІ. Ад імя Пантыфіка ён клапаціўся пра самых бедных жыхароў Вечнага горада.








All the contents on this site are copyrighted ©.