2016-08-10 16:14:00

Кардынал Кох: сястра рэлігіі – мір, а не насілле


Пасланне “Аўшвіц-Біркенаў” з’яўляецца актуальным у кантэксце сучаснага міграцыйнага крызісу, перакананы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох. Сваімі думкамі аб наведанні Францішкам былога нацысцкага лагера смерці пурпурат падзяліўся ў інтэрв’ю ватыканскай “L’Osservatore Romano”.

Па словах іерарха, маўчанне Пантыфіка падчас гэтага візіту мацнейшае за многія апісанні трагедыі Халакосту. “Маўчанне – гэта пасланне. Пасланне добра вядомае таксама сярод яўрэяў. Казаць пра жудасную сітуацыю, перажытую мільёнамі людзей падчас вар’яцтва тых гадоў, нялёгка. Аднак, важна быць і маліцца. Папа Францішак так менавіта і зрабіў”, - сказаў кардынал Кох.

Ён звярнуў увагу на небяспеку новых хваляў антысемізму і нагадаў словы Святога Айца пра тое, што “немагчыма быць хрысціянінам і антысемітам адначасова”.

“Вяртаючыся да Еўропы, якая зачыняе дзверы перад мігрантамі, мне ўзгадваецца менавіта сітуацыя яўрэяў ва ўсім свеце напрыканцы Другой сусветнай вайны. Таму, калі сённяшнія бежанцы сустракаюць зачыненыя дзверы Старога кантыненту, вельмі важна, каб Еўрапейскі Саюз працаваў на карысць супольнага рашэння. У гэтай перспектыве таксама “Аўшвіц-Біркенаў” можа даць вялікае пасланне”, - заўважыў іерарх.

Кардынал Кох падкрэсліў, што апраўданне гвалтоўных ідэй і ўчынкаў рэлігіяй з’яўляецца злоўжываннем, бо “сястрой- блізняці” рэлігіі з’яўляецца не насілле, а мір.

Папа Францішак наведаў былы канцэнтрацыйны легар “Аўшвіц-Біркенаў” 29 ліпеня 2016 г., падчас свайго падарожжа ў Польшчу. Раней тут былі св. Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.