2016-08-09 15:31:00

Пасол Турцыі: мы хочам мець у Святым Пасадзе добрага партнёра


Турцыя чакае “знаку сімпатыі” ад Святога Пасаду. Дзяржаўны сакратарыят падрабязна паінфармаваны аб пазіцыі турэцкага ўрада адносна нядаўняй спробы перавароту. Аб гэтым заявіў у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву “KNA” пасол гэтай краіны пры Святым Пасадзе Мехмет Пакачы.

Трэба адзначыць, што ў дадзеным пытанні выказаўся таксама Апостальскі нунцый у Анкары, які сцвердзіў, што справа даследуецца. Таксама Папа падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Кракава ў Рым спаслаўся на неабходнасць валодання поўнай інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў краіне. Ён лічыць, што “справа яшчэ не ясная”.

На пытанне, ці перад абліччам міжнароднай крытыкі прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана, Апостальская Сталіца магла б выступіць у якасці пасярэдніка, Пакачы сказаў, што, калі ватыканскі бок прыме такую ініцыятыву, Турцыя будзе вітаць гэта.

Пасол адхіліў меркаванне, што адносная мяккая рэакцыя Турцыі на выказванне Папы аб генацыдзе армян была матывавана дыпламатычным разлікам. Ён адзначыў, што хоць Францішак у сваім чэрвеньскім выступе ў Ерэване выкарыстаў слова “генацыд”, яго няма ў афіцыйным тэксце прамовы. Турэцкі ўрад павінен адрозніваць “асабістую ініцыятыву Папы і палітыку Апостальскай Сталіцы”, - сказаў дыпламат. Хоць, трэба адзначыць, што ў апублікаваным пазней поўным тэксце папскай прамовы слова “генацыд” было.

“Мы хочам бачыць у Апостальскай Сталіцы добрага партнёра, незалежна ад гэтага выпадку”, - запэўніў Пакачы. Ён нагадаў, што “Папа з’яўляецца рэлігійным прадстаяцелем 1,2 мільярда католікаў, і таму важнай для нас асобай”, і дадаў, што таксама “Турцыя важная для Святога Пасаду”.








All the contents on this site are copyrighted ©.