2016-08-09 15:50:00

Папа заклікае паважаць правы карэнных народаў


“Патрабаваць павагі да карэнных народаў, ідэнтычнасць і нават жыццё якіх знаходзіцца пад пагрозай”, - заклікаў папа Францішак праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter” у Міжнародны дзень карэнных народаў свету, які штогадова адзначаецца 9 жніўня.

Святы Айцец часта звяртаецца да тэмы карэнных народаў, а часам сустракаецца з іх прадстаўнікамі падчас апостальскіх падарожжаў, асабліва на лацінаамерыканскім кантыненце. Знаходзячыся ў пачатку гэтага года ў Мексіцы, Святы Айцец папрасіў у мясцовых індзейцаў прабачэння за трываючыя на працягу стагоддзяў адчужэнне і эксплуатацыю. Таксама год таму на сустрэчы з народнымі рухамі ў Балівіі ён папрасіў прабачэння за злачынствы супраць карэнных народаў, учыненыя падчас заваявання Амерыкі.

У мінулым месяцы ён прасіў вернікаў ва ўсім свеце маліцца ў інтэнцыі павагі да карэнных народаў. Яго заклік прагучаў у відэапасланні, распаўсюджаным Ватыканскім тэлецэнтрам праз свой канал у “Youtube”. У ім Пантыфік прызнаўся, што жадае “быць рэхам і рупарам найбольш глыбокіх патрэб карэнных народаў”. “І хачу, каб ты далучыў свой голас да майго ў малітве ад усяго сэрца за паважлівае стаўленне да карэнных народаў”, - звярнуўся Францішак да гледачоў. 

Паводле ацэнак ААН у свеце налічваецца 370 млн. прадстаўнікоў карэнных народаў, якія пражываюць у 90 краінах. Апостальская Сталіца часта нагадвае міжнароднай супольнасці пра неабходнасць абароны гэты людзей, іх культуры і традыцый.








All the contents on this site are copyrighted ©.