2016-08-09 16:05:00

Нунцый у Сірыі: словы Папы адпавядаюць рэчаіснасці


Заклікаючы да міру ў Сірыі, Папа павінен быў выкарыстаць моцныя словы, бо гэтага патрабуе трагічнасць сітуацыі, якая больш за 5 гадоў разыгрываецца ў гэтай краіне, лічыць Апостальскі нунцый у Дамаску Арцыбіскуп Марыё Дзэнары. 

У мінулую нядзелю, 7 жніўня 2016 г., Францішак чарговы раз заклікаў да абароны сірыйскага насельніцтва. Пасля малітвы “Анёл Панскі” ён падкрэсліў, што гэта непрымальна, каб ад наступстваў вайны цярпелі безабаронныя грамадзянскія асобы, у тым ліку шматлікія дзеці. Сусветных лідэраў ён перасцярог ад закрытасці сэрца і адсутнасці імкнення да міру.

Арцыбіскуп Дзэнары пацвердзіў, што словы Папы адпавядаюць рэчаіснасці. Мірныя жыхары кожны дзень адчуваюць наступствы вайны розным чынам. На грамадзянскія аб’екты, такія як бальніцы, храмы, мячэці і лагеры бежанцаў падаюць бомбы. 600 тыс. сірыйцаў знаходзяцца ў абласцях, ахопленых аблогай. Шматлікія пакутуюць ад голаду і смагі. За 5 гадоў вайны загінулі каля 20 тыс. дзяцей, многія з іх былі пакалечаны. Больш за 2 млн. сірыйскіх дзяцей не ходзяць у школу. У лагерах бежанцаў яны становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту. У такой сітуацыі, як падкрэсліў ватыканскі дыпламат, Францішак быў вымушаны нагадаць сусветным дзяржавам пра бясконцую трагедыю.

“Тут мы можам адчувальна ўбачыць, што Сірыя стала арэнай барацьбы розных геапалітычных інтарэсаў на рэгіянальным і міжнародным узроўнях. Акрамя таго, усё больш відавочна, што мы маем справу з вайной “па даверанасці”. Гэта вельмі складаная вайна. У пачатку здавалася, што гэта грамадзянскі канфлікт, які ўжо быў катастрофай. Затым на гэта наклалася вайна “па даверанасці”, кантраляваная звонку. І, нарэшце, з’явіўся дадатковы элемент у форме тэрарыстаў “Ісламскай дзяржавы”, якія з’яўляюцца крыніцай велізарных пакут”, - падкрэсліў іерарх. 

У такой сітуацыі, на што неаднаразова паказваў Папа, неабходна ясная воля уладных гэтага свету, каб пакласці канец гэтай жорсткай вайне, наступствы якой нясуць на сабе ў асноўным бяззбройныя грамадзянскія асобы, у тым ліку дзеці, сказаў Апостальскі нунцый у Дамаску.








All the contents on this site are copyrighted ©.