2016-08-09 14:47:00

Ватыканскі іерарх пра новыя формы выказвання міласэрнасці


“Мы павінны быць у стане знайсці новыя формы выказвання міласэрнасці, таму што, на жаль, свет ставіць перад намі новыя формы матэрыяльнай і духоўнай галечы. Нам патрэбна творчае ўяўленне, каб вынайсці новыя спосабы, якімі мы будзем рэагаваць на ўсе гэтыя патрэбы”, - сказаў у інтэрв’ю, якое публікуе агенцтва “KAI”, арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.

Іерарх прызнаўся, што ён асабіста быў сведкам многіх пладоў Года Міласэрнасці, які працягваецца ў Касцёле. “Ва ўсіх дыяцэзіях па ўсім свеце можна ўбачыць моцную душпастырскую актыўнасць, звязаную з перажываннем Юбілею. Я размаўляў з сотнямі біскупаў, і яны кажуць, што яшчэ не бачылі так шмат людзей у касцёлах, якія жадаюць прайсці праз Браму Міласэрнасці”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады. 

Другім вынікам Года Міласэрнасці ён лічыць вяртанне да сакрамэнту пакаяння і паяднання. “Мы назіраем вялікія навяртанні. Католікі нанова адкрываюць для сябе багацце сакрамэнту споведзі, дзе могуць атрымаць прабачэнне, любоў і Божую міласэрнасць”, - сказаў ён. На думку іерарха, выдатнай ідэяй было пасланнеПантыфікам Місіянераў міласэрнасці.

Яшчэ адным фактам, па словах арцыбіскупа Фізікелы, і зусім не другарадным, з’яўляецца колькасць пілігрымаў, якія да гэтага часу наведалі Рым спецыяльна да Году Міласэрнасці – 12,5 мільёнаў. І гэта адбываецца ў той час, калі ў свеце так шмат страху. Тым не менш, хрысціяне адчуваюць неабходнасць прыехаць у Вечны горад, каб пачуць Папу, памаліцца, прайсці праз Браму Міласэрнасці. 

“Але, вядома, плады гэтага Юбілейнага Года мы ўбачым пасля 20 лістапада, калі Брама Міласэрнасці зачыніцца і адкрыецца выдатны шлях штодзённага сведчання аб міласэрнасці”, - сказаў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.