2016-08-06 14:04:00

Святы Пасад з малітвай аб ахвярах атамных бамбардзіровак


У чарговую гадавіну атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы Апостальская Сталіца заклікае “маліцца і дзейнічаць у салідарнасці з усімі ахвярамі атамных бомбаў, войнаў і тэрарызму ў свеце”. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным пасланні Папскай радай “Iustitia et pax”, якое прачытаў 6 жніўня 2016 г. падчас св. Імшы ў катэдральным касцёле Хірасімы, супрацоўнік гэтай ватыканскай дыкастэрыі кс. Майкл Чэрны.

У дакуменце адзначаецца важнасць захавання памяці аб бамбардзіроўках Хірасімы і Нагасакі. Падкрэслівацца актуальнасць закліку Паўла VI, які ў 1965 г. выступаючы ў ААН, горача настойваў на тым, каб людзі ніколі больш не вялі войнаў адно супраць аднаго. 

Узгадваючы пра трываючы ў Каталіцкім Касцёле Святы Год Міласэрнасці, Святы Пасад заклікае ўсіх пераглядзець грахоўныя і смутныя моманты жыцця, “не для таго, каб стаць раздаўленымі і трапіць у адчай, але каб адкрыцца на Божую ласку, якая ўваходзіць з прабачэннем і аздараўленнем”.

Напрыканцы ватыканскага дакумента ўтрымліваецца заклік да малітвы, каб “Бог мог змыць усе нашы грахі, узаемныя абвінавачанні і роспач сваёй “вялікай ракой міласэрнасці”.

У 70-ю гадавіну жудасных атамных бамбардзіровак Японіі, якая адзначалася ў мінулым годзе, папа Францішак казаў, што “гэта трагічнае здарэнне датэтуль абуджае жах і агіду. Яно стала сімвалам вялізарнай знішчальнай моцы чалавека, якая памылковым чынам выкарыстоўвае дасягненні навукі і тэхнікі, і пастаянным папярэджаннем чалавецтву, каб назаўсёды адмовілася ад вайны і забараніла атамную зброю і любыя іншыя віды зброі масавава знішчэння”.

Атамныя бомбы на японскія гарады Хірасіма і Нагасакі былі скінуты 6 і 9 жніўня 1945 г. Гэта прывяло да гібелі амаль 200 тыс. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.