2016-08-05 15:05:00

“Папскія” аўтамаблі выставяць на дабрачынны аўкцыён


Аўтамабілі, якімі папа Францішак перамяшчаўся па Польшчы падчас Сусветных дзён моладзі, у верасні апынуцца на дабрачынным аўкцыёне. Перад гэтым іх прадставяць у некалькіх польскіх гарадах, паведаміў дырэктар “Caritas” Кракаўскай архідыяцэзіі, кс. Богдан Кардула.
 
“Ужо ёсць вялікая зацікаўленасць. Аўто будуць прэзентаваны ў чатырох розных гарадах разам з адпаведнай інфармацыяй, на якія мэты пойдуць сродкі. У гэтых аўтамабілях можна будзе пасядзець, зрабіць фотаздымак на месцы, дзе сядзеў Папа, вядома, гаворка ідзе пра задняе правае сядзенне”, - сказаў кіраўнік дабрачыннай арганізацыі. Ён дадаў, што дэталі акцыі ў цяперашні час узгадняюцца з польскім прадстаўніком канцэрну “Volkswagen”.
 
Не вядома, ці на аўкцыён будуць выстаўлены ўсе чатыры аўтамабілі “Golf”, падораныя кракаўскай “Caritas” да папскай пілігрымкі. Магчыма, адзін застанецца ў распараджэнні касцёльнай арганізацыі. У цяперашні час яны знаходзяцца перад Святыняй Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках.
 
“Папскія” аўтамабілі выкананы ў версіі “Sportsvan” з вышэйшым варыянтам кузава, больш прасторным салонам і стандартным пакетам абсталявання. Іх можна будзе набыць разам з польскімі нумарнымі знакамі, але на іх застунуцца адзнакі з ватыканскіх нумароў, з якімі аўтамабілі рухаліся па Польшчы, перавозячы Пантыфіка.
 
“Ахвяраванне гэтых аўтамабіляў на папскую пілігрымку было ўзгоднена з Ватыканам. Мы пра гэта даведаліся ў пачатку ліпеня. Гэта серыйныя версіі, з нямецкім абсталяваннем. Як адзначылі службы, яны добра зарэкамендавалі сябе ў картэжы, былі хуткімі і манеўранымі”, - сказаў кс. Кардула.
 
Аўкцыён з'яўляецца часткай ініцыятывы “Misericordes”, у рамках якой збіраюцца сродкі на абсталяванне Дому Міласэрнасці і Дому Хлеба ля Кракава, а таксама на набыццё мабільнай клінікі для лагеру бежанцаў у Ліване.








All the contents on this site are copyrighted ©.