2016-08-04 16:50:00

Папа ў Асізі: свет патрабуе прабачэння


Сведчыць аб міласэрнасці перад сучасным светам – гэта заданне ад якога ніхто не можа ўхіліцца, адзначыў Папа 4 жніўня 2016 г. падчас свайго візіту ў Асізі. Пантыфік прыбыў у горад св. Францішка у другой палове дня на верталёце з Ватыкану. Ён накіраваўся ў мясцовую базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі, унутры якой знаходзіцца старажытная капліца пад назвай “Portiuncula”. Тут Папа правёў некаторы час на прыватнай малітве, пасля якой прапанаваў вернікам сваё разважанне на тэму прабачэння, паколькі візіт быў прымеркаваны да 800-годдзя ўстанаўлення адпусту, вядомага пад назвай “Асізскае дараванне”.

Па словах Святога Айца, прабачэнне – гэта шлях, які вядзе да Неба. Прабачаць неабходна, “таму што мы былі прабачаны першымі і бясконца шмат”, сказаў ён. Францішак заклікаў памятаць, што Бог не стамляецца дараваць правіны кожны раз, калі Яго аб гэтым просяць. Божае прабачэнне з’яўляецца поўным і дае ўпэўненасць, “што нават, калі зноў трапім у тыя ж грахі, Ён змілуецца над намі і не перастане любіць”. 

Пантыфік заўважыў, што часта людзі жадаюць міласэрнага стаўлення да сябе, і, у той жа час, патрабуюць судзіць іншых паводле справядлівасці. Спыняцца на справядлівасці не дастаткова для вучняў Хрыста, якія атрымалі міласэрнасць ля падножжа Крыжа толькі дзякуючы сіле любові Божага Сына, лічыць Францішак. 

“Свет мае патрэбу ў прабачэнні; шмат людзей жывуць закрыўшыся ў крыўдзе і затоенай нянавісці, бо няздольныя прабачыць, нішчаць уласнае жыццё і жыццё іншых замест таго, каб знайсці радасць спакою і міру”, - сказаў Папа.

Пасля разважання, Святы Айцец прывітаў біскупаў і настаяцеляў Ордэна францішканаў, прысутных у базыліцы, а затым адправіўся ў інфермерыю, дзе наведаў хворых братоў і паразмаўляў з персаналам медычнай установы.

Пасля гэтай кароткай сустрэчы Францішак выйдзе з базылікі, каб прывітаць вернікаў, сабраных на плошчы перад ёй. Адсюль каля 18.00 ён адправіцца аўтамабілем на гарадскую спартыўную пляцоўку, каб адтуль на верталёце вярнуцца ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.