Простай па форме, але вельмі важнай назваў сваю пілігрымку ў Асізі папа Францішак. Ён адправіцца ў горад св. Францішка 4 жніўня 2016 г., а нагодай стане адпуст “Portiuncula”.
“Заўтра я наведаю папскую базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі, з нагоды 800-годдзя “Асізскага даравання”, якое адзначалася ўчора. Гэта будзе вельмі простая пілігрымка, але вельмі важная ў гэты Святы Год Міласэрнасці. Я прашу ўсіх суправаджаць мяне малітвай, просячы святла і сілы Святога Духа і нябеснага заступніцтва св. Францішка”, - сказаў Пантыфік 3 жніўня 2016 г., падчас агульнай аўдыенцыі.
Папа прыбудзе ў Асізі ў другой палове дня на верталёце і адразу адправіцца ў базыліку Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі, унутры якой знаходзіцца капліцай пад назвай “Portiuncula”. Ён застанецца некаторы час у ёй на асабістай малітве, а затым падзеліцца з вернікамі сваім разважаннем пра дараванне крыўдаў братам. Святы Айцец наведае таксама францішканскую кляшторную інфермерыю, дзе знаходзяцца хворыя браты. Пасля гэтай кароткай сустрэчы ён прывітае вернікаў, сабраных на плошчы перад базылікай, а затым вернецца ў Ватыкан.
Назва адпусту “Portiuncula” (лац. маленькая часцінка) паходзіць ад разбуранага касцёла, які ў пачатку ХІІІ ст. Езус загадаў адбудаваць св. Францішку. Калі святы маліўся там, яму аб’явілася Марыя з Езусам і спытала, што ён хацеў бы атрымаць у дар. Тады Францішак папрасіў ласку прабачэння пакарання за грахі, якія трэба выкупіць на зямлі або ў чысцы, для тых, хто пасля споведзі і св. Камуніі наведае гэта месца.
All the contents on this site are copyrighted ©. |