2016-08-03 15:00:00

Меркаваны тэрмін правядзення СДМ у Панаме – зіма


Меркаваны час правядзення наступных Сусветных дзён моладзі ў Панаме – зіма або пачатак вясны. Гэтай інфармацыяй падзяліўся з мяцовым выданнем „La Estrella de Panamá” Апостальскі нунцый у краіне, арцыбіскуп Андрэс Караскоса Коса. Ён назваў нават месяцы – люты або сакавік. Як правіла сусветныя моладзевыя сустрэчы праходзяць у ліпені або жніўні, але ў Панаме гэта сезон дажджоў і канікулы тут пераносяцца на “сухія” месяцы, калі ў Еўропе зіма.

Папскі дыпламат прызнаў, што жыхары Панамы з энтузіязмам прынялі паведамленне аб правядзенні Сусветных дзён у іх краіне. Скептыкаў ён супакоіў: не трэба баяцца выклікаў, у тым ліку матэрыяльных, бо грамадскае значэнне падзеі перавышае любыя выдаткі.

60-гадовы ватыканскі дыпламат іспанскага паходжання, які нясе сваё служэнне ў Панаме са студзеня 2009 г., выказаў падзяку Пантыфіку, адзначыўшы, што выбар краіны для месца правядзення Сусветных дзён быў цалкам асабістым рашэннем Францішка, што дэманструе, наколькі “ён любіць гэту маленькую краіну”.

У пачатку 2019 г. у Панаме пачнецца выбарчая кампанія, але – паводле меркавання Апостальскага нунцыя – ніводзін палітык або партыя, якія будуць удзельнічаць у іх, не могуць выкарыстоўваць у сваёй праграме Сусветных дзён моладзі, таму што “гэта праект ўсёй краіны”. Арцыбіскуп Караскоса падкрэсліў, што гэта агульны шанс для ўсіх, каб станоўча паказаць свету, “хто мы і што мы можам”. Форум стане “вялікім выклікам у гісторыі Панамы, большым, чым адміністрацыя і пашырэнне Панамскага канала”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Варта нагадаць, што магчымы зімовы тэрмін правядзення Сусветных дзён моладзі ў Панаме не з’яўляецца нечым новым у больш чым 30-гадовай гісторыі сустрэч. У Маніле форум праходзіў у студзені 1995 г. Дарэчы, тыя Сусветныя дні ўвайшлі ў гісторыю як самыя шматлікія – у іх прынялі ўдзел 4,5-5 мільёнаў чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.