2016-08-02 10:37:00

Пантыфік: даць хлеб бедным – вырашае праблему напалову


Забяспячэнне хлебам бедных вырашае праблему толькі напалову, таму што не вяртае ім годнасці, для гэтага неабходна праца, напісаў Папа ў пасланні да Касцёла ў Аргентыне з нагоды літургічнага ўспаміну св. Kaятана Ціенскага. Ён з’яўляецца апекуном краіны і заступнікам тых, хто шукае працу і хлеб.

Францішак адзначыў, што, дзякуючы салідарнасці аргентынцаў, там няма вострага недахопу хлеба, што не можна сказаць пра іншыя краіны. Значна складаней знайсці працу, асабліва цяпер, калі ўзровень беспрацоўя вельмі высокі. Пантыфік нагадаў, што сам сустракаў у сталічным санктуарыі св. Каятана людзей са слязамі на вачах і ў сэрцы, таму што “цяжка жыць, калі бацька сямейства хоча працаваць, але ніякім чынам не можа знайсці працу”.

Святы Айцец нагадаў пра тое, што праца дае чалавеку пачуццё ўласнай годнасці. Яе адсутнасць, насупраць, годнасці пазбаўляе, нават у вачах іншых. Папа прызнаў, што ў Аргентыне людзі, якія не зарабляюць сабе на хлеб і жывуць у некага на ўтрыманні з’яўляюцца ў грамадскай свядомасці аб’ектам пагарды. Таму ён папрасіў аргентынскіх біскупаў быць блізкімі да тых, хто мае патрэбу ў хлебе і працы. Францішак згадаў, што менавіта адпуст у санктуарыі св. Каятана ў Буэнас-Айрэсе заўсёды быў для гэтых асоб вялікай падзеяй. Кожны год ён асабіста ўзначальваў там Эўхарыстыю і сустракаўся з людзьмі, якія стаялі ў доўгай чарзе да статуі святога.








All the contents on this site are copyrighted ©.