2016-08-02 14:32:00

Былы кіраўнік Залы Друку развітаўся з журналістамі


Кс. Фэдэрыка Ламбардзі напісаў развітальны ліст да журналістаў, акрэдытаваных пры Зале Друку Апостальскай Сталіцы, у сувязі з заканчэннем свайго служэння на пасадзе кіраўніка гэтай структуры. 

“Мы разам назіралі за служэннем двух вялікіх Пантыфікаў, мы перажылі вельмі значныя моманты ў гісторыі Касцёла і, можна сказаць, таксама і ў гісторыі чалавечай сям’і, спрабуючы зразумець іх і дапамагчы ўсвядоміць іх значэнне. Дзякую Папам, якія паклікалі мяне служыць побач з сабой – Бэнэдыкту і Францішку – а таксама ўсім, хто мне дапамагаў і падтрымліваў у штодзённай працы, у дні цяжкасцяў і радасцяў. Тут я магу пералічыць практычна ўсіх вас”, - напісаў святар.

Кс. Ламбардзі прызнаўся, што ў выкананні прафесійных абавязкаў ніколі не адчуваў адносна сябе непавагі або непрыняцця. “Зараз я імкнуся добра слухаць вядомыя словы Езуса да сваіх вучняў: “І вы таксама, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць” (Лк 17,10). Я буду працягваць слухаць новыя ўказанні, якія Пан скіруе да мяне”, - напісаў ён. 

Італьянскі езуіт павіншаваў свайго наступніка Грэга Бёрка і яго намесціцу Палому Гарсія Овехеру з прызначэннем, выказаўшы перакананне, што яны цудоўна справяцца з гэтым заданнем.

Кс. Фэдэрыка Ламбардзі быў кіраўніком Залы Друку Святога Пасаду з ліпеня 2006 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.