2016-08-01 12:02:00

Францішак адказаў на пытанні журналістаў


“Думаю, што не справядліва атаясамліваць іслам з насіллем і тэрарызмам. Не справядліва і не слушна”, - сказаў папа Францішак 31 ліпеня 2016 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Кракава ў Рым.

Адзін з журналістаў спытаў Святога Айца аб забойствах, якія здзяйсняюцца ў імя іслама. “Мне не падабаецца казаць пра ісламскае насілле. Я штодзённа гартаю газеты і бачу насілле. У Італіі хтосьці забівае нарачоную, іншы цёшчу... І гэта ахрышчаныя католікі, гэта гвалтоўныя католікі. Калі кажу пра ісламскае насілле, павінен казаць таксама і пра насілле каталіцкае. Але не ўсе мусульмане і не ўсе католікі гвалтоўныя. Гэта як у фруктовым міксе – такія ёсць у абедзьвюх рэлігіях”, - сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, пашырэнню тэрарызма спрыяе адсутнасць магчымасцяў у людзей. “Калі галоўнае месца ў цэнтры сусветнай эканомікі займае бажок грошай, а не чалавек – мужчына і жанчына – гэта ўжо тэрарызм. Адрынуўшы цуд стварэння – чалавека – і паставіўшы на яго месца грошы, маем базавы тэрарызм, супраць усяго чалавецтва. Падумаем пра гэта”, - заклікаў Святы Айцец.

Журналісты пацікавіліся, чаму Папа яшчэ не выказаўся пра сітуацыю ў Турцыі. Пантыфік спаслаўся на неабходнасць валодання поўнай інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў краіне, але, паводле яго, “справа яшчэ не ясная”. Ён падкрэсліў, што яго маўчанне не звязана з жаданнем пазбегнуць наступстваў для каталіцкай меншасці ў гэтай краіне. “Сапраўды, заўсёды трэба пазбягаць праблем для католікаў – і мы гэта робім – але не коштам праўды”, - сказаў ён і нагадаў, што ўжо выказваўся пра рэчы, якія не падабаліся Турцыі, напрыклад пра генацыд армянскага насельніцтва.

Францішак выказаўся і пра ватыканскае пасярэдніцтва ў вырашэнні канфлікту ў Венесуэле. Ён прызнаўся, што ў яго няма ўпэўненасці ў жаданні бакоў канфлікту, каб прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы прымалі ўдзел у працы групы, якая пасярэднічае ў перамовах.

Каментуючы сваё падзенне падчас св. Імшы ў Чэнстахове, Пантыфік прызнаўся, што проста заглядзеўся на Маці Божую і забыўся пра прыступку. Ён падкрэсліў, што падзенне не мела ніякіх наступстваў для яго здароўя і ён адчувае сябе цудоўна.

Самалёт польскай авіякампаніі “LOT” са Святым Айцом на борце зрабіў пасадку ў рымскім аэрапорце “Fiumicino” 31 ліпеня 2016 г. каля 21.30 па мясцовым часе.








All the contents on this site are copyrighted ©.