2016-08-01 12:52:00

Новы кіраўнік Залы Друку прыступіў да працы


Новапрызначаны кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы прыступіў 1 жніўня 2016 г. да выканання сваіх абавязкаў. 56-гадовы амерыканскі журналіст і медыя-эксперт Грэг Бёрк змяніў на гэтай пасадзе італьянскага езуіта, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, які быў афіцыйным прадстаўніком Святога Пасаду на працягу апошніх 10 гадоў.

“Для мяне гэта захапляльная праца, бо захапляльнай постаццю з’яўляецца сам папа Францішак і асабліва яго адносіны з моладдзю, сведкамі чаго мы былі на працягу апошніх дзён”, - сказаў новы кіраўнік Залы Друку ў інтэрв’ю польскаму інфармацыйнаму агенцтву “KAI”, маючы на ўвазе Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. Ён падкрэсліў, што назіраў за дзейнасцю Францішка на працягу многіх гадоў, яшчэ ў якасці кардынала. 

Грэг Бёрк лічыць, што праца кіраўніка Залы Друку “нашмат цяжэйшая, чым праца журналіста”, бо прадугледжвае амаль кругласутачную дзейнасць, часам нават без сну. Свет камунікацыі змяняецца вельмі хутка, што трэба ўлічваць і на ўзроўні Святога Пасаду, хоць ён не выключыў, што гэта можа быць “вялікім выклікам”.

Дырэктарам Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк быў прызначаны 11 ліпеня 2016 г. У структурах Святога Пасаду ён пачаў працаваць у 2012 г. у якасці канстультанта па пытаннях камунікацыі ў секцыі па агульных справах Дзяржаўнага Сакратарыяту. З 21 снежня 2015 г. ён быў віцэ-дырэктарам Залы Друку Святога Пасаду. 








All the contents on this site are copyrighted ©.