2016-07-30 12:59:00

Францішак: жорсткасць не скончылася на Аўшвіц


Жудасныя рэчы не скончыліся на Аўшвіц, сказаў Францішак, які па традыцыі прамовіў 29 ліпеня 2016 г. з “Папскага акна” Палаца біскупаў у Кракаве. Падводзячы вынікі дня, у спантанным вытупленні ён нагадаў, што людзі працягваюць пакутаваць у выніку войнаў і голаду, падвяргаюцца катаванням у перапоўненых турмах. Таксама пакутуюць маленькія дзеці, несучы свой “дзіцячы” крыж. Але Езус памёр за ўсіх, падкрэсліў ён.

Святы Айцец узгадаў, што раніцай наведаў мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў”. “Колькі там болю, колькі пакут... Ці гэта магчыма, што мы, людзі, створаныя на вобраз Божы, былі здольныя на такія жудасныя ўчынкі? Але гэта здарылася!”, - сказаў Пантыфік, дадаўшы: “Я не хачу казаць горкія словы, але павінен сказаць праўду: жорсткасць не скончылася на Аўшвіц-Біркенаў”.

Папа падкрэсліў, што Хрыстус прыйшоў, каб на сваіх плячах несці нашы грахі і заклікаў пілігрымаў маліцца за ўсіх, хто галадае, хварэе, жыве ў адзіноце, хто адчувае цяжар сумневаў і пачуцця віны. Ён таксама папрасіў сабраных ля будынку Кракаўскай курыі маліцца за хворых дзяцей, за ўсіх, хто зносіць катаванні ў многіх краінах свету, за зняволеных, сціснутых у перапоўненых камерах турмаў.

“Папскае акно” з’яўляецца самай вядомай часткай Палаца кракаўскіх біскупаў. Традыцыю нефармальных вячэрніх сустрэч падчас папскіх пілігрымак ў Польшчу ўвёў Ян Павел II.








All the contents on this site are copyrighted ©.