2016-07-30 23:23:00

Святы Айцец да моладзі: не шукаць шчасця на канапе


Найгоршы параліч для маладога чалавека наступае тады, калі ён пачынае пераблытваць шчасце з канапай, якая “гарантуе гадзіны спакою, пераносіць у свет відэагульняў, або калі ён праводзіць гадзіны перад кампутарам”, - сказаў папа Францішак падчас начнога чування, якое прайшло вечарам 30 ліпеня 2016 г. на “Campus Misericordiae” – Поле міласэрнасці – тэрыторыі ў некалькі гектараў на мяжы Кракава і Вялічкі, якое паўстала спецыяльна да Сусветных дзён моладзі.

Пасля сведчанняў, якія прагучалі з вуснаў маладых вернікаў, адзін з якіх паходзіў з Сірыі, Папа заклікаў моладзь маліцца за гэту краіну і яе спакутаванае ад вайны насельніцтва, каб “аднойчы і назаўсёды зразумець, што нічога не можа апраўдаць крыві брата, што няма нічога каштоўней чалавека побач”.

Пантыфік нагадаў моладзі, што страх паралізуе. Адчуваць, што ў гэтым свеце, у нашых гарадах і супольнасцях, больш няма месца для росту, мараў, будавання, сузірання гарызонту і нарэшце жыцця – гэта найгоршае з таго, што можа здарыцца, сказаў Папа. 

Яшчэ горшая “паралізацыя”, по словах Святога Айца, наступае тады, калі чалавек пачынае думаць, што для шчасця яму патрэбна толькі канапа. Ён зачыняецца ў сваім доме і ўсыпляе сябе, даючы шанс іншым – больш бадзёрым, але не больш добрым – вырашаць будучыню за яго. 

Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат імкнуцца пакінуць след у гэтым жыцці і гісторыі, не баяцца рызыкаваць і не суадносіць шчасця са спажывецтвам. “Езус – гэта не Пан камфорту, бяспекі і ўтульнасці. Каб ісці за Езусам, трэба мець крыху адвагі, трэба адважыцца змяніць канапу на пару ботаў, што дазволяць крочыць па шляхах, аб якіх ты ніколі не марыў і нават не думаў, па шляхах, якія адкрыюць новыя гарызонты, здольныя запаліць радасцю, што нараджаецца ад Божай любові”, - сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, сучасная эпоха мае патрэбу не ў “канапавай моладзі”, але ў той, якая стане галоўным дзеючым суб’ектам гісторыі, якая разам з Богам будзе будаваць лепшы свет, якая навучыць дарослых мірнаму жыццю ў адметнасцях, дыялогу, будаванні мастоў, а не муроў.

Начное чуванне на “Campus Misericordiae” папярэднічала кульмінацыйнаму моманту сёлетніх Сусветных дзён моладзі – урачыстай Эўхарыстыі, якую 31 ліпеня 2016 г. узначаліць папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.