2016-07-30 15:17:00

Моладзь правядзе вечар на малітоўным чуванні з Пантыфікам


30 ліпеня 2016 г. вечарам Францішак сустрэнецца з пілігрымамі на малітоўным чуванні на “Campus Misericordiae”. Папа не толькі падзеліцца сваімі разважаннямі, але і пачуе сведчанні удзельнікаў Сусветных дзён моладзі. У завяршэнне “вігіліі” запланаваны экуменічны канцэрт праслаўлення.

У пачатку набажэнства Папа, у суправаджэнні прадстаўнікоў усіх кантынентаў – шасці маладых людзей – адправіцца да ўсталяванай ля галоўнага алтара Брамы міласэрнасці, сімвалу бягучага Святога Года ў Касцёле.

Малітоўнае чуванне будзе складацца з трох частак. Першая – гэта пастаноўка пад назвай “Дарога да крыніцы міласэрнасці” на аснове афіцыйнай малітвы Сусветных дзён, якую прадставіць моладзі тэатр танца “Mira-Art” з Гдыні. Сэнс малітвы будзе адлюстраваны і ў другой частцы – гэта будзе дыялог Папы з маладымі людзьмі, ён пачуе іх сведчанні. Трэцяя частка – гэта адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой моладзь будзе маліцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці.
 
Адразу пасля чування са Святым Айцом пачнецца экуменічны канцэрт “Credo in Misericordiam Dei”.

Моладзь усю гэту ноч правядзе на “Campus Misericordiae” ў чаканні заўтрашняй завяршальнай св. Імшы Сусветных дзён моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.