2016-07-29 12:25:00

Маўклівы візіт Францішка ў “Аўшвіц-Біркенаў”


У атмасферы маўклівай малітвы прайшоў візіт папы Францішка ў былы канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц-Біркенаў”. Раніцай 29 ліпеня 2016 г. Святы Айцец пешшу прайшоў пад яго сумна вядомай ва ўсім свеце ўваходнай брамай з надпісам “Arbeit macht frei” (Праца робіць свабодным). 

Далей Пантыфік перамяшчаўся па тэрыторыі лагера на электрамабіле. Спачатку ён памаліўся на месцы, дзе нацысты здзяйснялі публічныя казні вязняў і, падышоўшы да адной з шыбеніц, пацалаваў яе балку. Затым, каля “сцяны смерці” – на месцы, дзе здзяйсняліся расстрэлы зняволеных, Святы Айцец сустрэўся з дзесяцю выжыўшымі вязнямі лагера і коратка паразмаўляў з кожным з іх. 

Пантыфік наведаў таксама месца мучаніцкай смерці св. Максімільяна Кольбэ. У цёмнай камеры, з выцарапаным на сцяне крыжам – знакам надзеі і перамогі любові над злом – Папа правёў некаторы час у прыватнай малітве. Паводле гісторыкаў, роўна 75 гадоў таму – 29 ліпеня 1941 г. гэты польскі францішканін прапанаваў нацыстам забраць яго жыццё замест асуджанага на смерць іншага вязня. 

Святы Айцец пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей і падарыў музейнаму комплексу “Аўшвіц-Біркенаў” бронзавую лампаду. “Пане, змілуйся над тваім народам. Пане, прабач гэтую вялікую лютасць”, - напісаў ён. Затым Францішак прайшоў побач з крэматорыямі і газавымі камерамі, праехаў уздоўж чыгункі, па якой у лагер прывозілі вязняў, і сустрэўся з некаторымі “Праведнікамі народаў свету” – асобамі, якія ратавалі яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны.

Францішак стаў трэцім Пантыфікам, які наведаў “Аўшвіц-Біркенаў”. У 1979 г. тут быў св. Ян Павел ІІ, а ў 2006 г. – Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.