2016-07-26 12:04:00

Прэзідэнт: Святы Пасад застаецца арыенцірам для Польшчы


Голас, які гучыць з-за “Бронзавых дзвярэй” для нас па-ранейшаму вельмі важны, сказаў Прэзідэнт Польшчы ў інтэрв’ю каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “КАІ”, каментуючы адносіны са Святым Пасадам. Анджэй Дуда дадаў, што ён глыбока перакананы ў тым, што Сусветныя дні моладзі і візіт Папы ў Польшчу прынясе ў краіну “некаторае супакаенне і прымусіць да больш глыбокай задумы над жыццёвым выбарам”.

Апостальская Сталіца, пагадзіўся кіраўнік цэнтральнаеўрапейскай дзяржавы, з’яўляецца важным пунктам адліку і арыенцірам, а таксама важным партнёрам для Польшчы на міжнародным узроўні. Ён нагадаў, што ў камуністычныя часы менавіта Святы Пасад “стаяў у абароне традыцыйных каштоўнасцяў, асуджаў бясчынствы рэжыму, падтрымліваў вызваленчыя памкненні палякаў”, быў “саюзнікам у барацьбе за аднаўленне сапраўднай незалежнасці”. І, канешне, падчас пантыфікату св. Яна Паўла II гэта салідарнасць і падтрымка адчувалася асабліва.

“Пасля падзення камунізму ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прайшло больш за чвэрць стагоддзя, але голас, які гучыць з-за “Бронзавых дзвярэй” для нас застаецца вельмі важным, - прызнаўся Анджэй Дуда. “Мы сутыкаемся з новымі выклікамі, якія палітыкі часта не могуць дакладна дыягназаваць. Францішак нагадвае нам пра іх кожны дзень, як правіла, у простых, кранаючых словах. Ён кажа пра беднасць і сацыяльную няроўнасць у розных частках зямнога шара. Ён кажа пра голад у Афрыцы і Азіі, які на працягу многіх гадоў багатыя паўночныя краіны не ў стане пераадолець, нават калі яны самі маюць велізарны лішак ежы. Ён кажа, нарэшце, пра забруджванне навакольнага асяроддзя, што ўяўляе сабой смяротную пагрозу для нашай планеты”, - дадаў Прэзідэнт Польшчы ў інтэрв’ю перад візітам Францішка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Святы Пасад быў і застаецца важным арыенцірам у дыскусіі пра сучасную “галапіруючую” секулярызацыю Еўропы, у многіх адносінах вельмі трывожную і небяспечную.








All the contents on this site are copyrighted ©.