2016-07-26 14:26:00

Пантыфік адрэагаваў на акты насілля ў Францыі і Японіі


Даведаўшыся пра захоп закладнікаў у касцёле Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ, у выніку чаго загінуў святар, а некалькі асоб былі сур’ёзна паранены, папа Францішак запэўніў у сваёй духоўнай і малітоўнай блізкасці і ўдзеле ў болю сем’яў, мясцовай парафіі і дыяцэзіі Руана. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльнай тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Пантыфік просіць міласэрнага Бога прыняць загінулага ксяндза Жака Амеля ў валадарства свайго святла і спакою. 

У тэлеграме гаворыцца, што Святы Айцец засмучаны гэтым актам насілля, які меў месца ў храме падчас літургіі, і просіць Бога аб прымірэнні і братэрстве ў свеце.

Двое злачынцаў захапілі закладнікаў у касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ 26 ліпеня 2016 г. раніцай. Яны перарэзалі горла мясцоваму пробашчу, кс. Жаку Амелю. Законніцу спрабавалі забіць тым жа спосабам: яна знаходзіцца ў цяжкім стане. Раненні атрымалі яшчэ дзве асобы. У ходзе штурму абодва злачынцы “былі нейтралізаваны”.

Францішак адрэагаваў на яшчэ адзін жудасны акт насілля, які меў месца ў Японіі ў доме для інвалідаў “Tsukui Yamayurien” у горадзе Сагаміхара. Пантыфік засмучаны гэтай навіной, запэўнівае ўсіх пацярпелых у сваёй блізкасці і выказвае спачуванні сваякам загінулых і параненых, гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара.

19 чалавек былі забітыя і яшчэ не менш за 20 атрымалі сур’ёзныя нажавыя раненні ў выніку атакі на дом для інвалідаў. Жорсткім забойцам аказаўся 26-гадовы мужчына, які раней працаваў тут, і які пракраўся ў будынак, дзе ўтрымліваліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі, у начны час.








All the contents on this site are copyrighted ©.