2016-07-26 13:38:00

Vultum Dei Quaerere: рэакцыя кляўзуровых законніц


Цэнтральная роля Божага слова з “Lectio Divina”, малітва як “сутнасць кансэкраванага жыцця”, адукацыя, якая павінна весці да зразумення Хрыста. А таксама: важнасць Эўхарыстыі і паяднання; братэрскага жыцця ў супольнасці; кляўзуры, як “знаку выключнага саюза Касцёла як нявесты з Панам”; працы, да якой трэба падыходзіць “з пабожнасцю і вернасцю”, не арыентуючыся на крытэрыі мірской эфектыўнасці; маўчання, якое трэба ўспрымаць як “слуханне і разважанне над Божым словам”. І, нарэшце, сродкі масавай інфармацыі, якія павінны ўжывацца разважліва, без “марнавання жыцця” і нанясення шкоды пакліканню і сузіранню. Усё гэта шматлікія і незвычайныя тэмы Апостальскай канстытуцыі папы Францішка аб жаночым кантэмпляцыйным жыцці, пад назвай “Vultum Dei Quaerere”, апублікаванай праз 66 гадоў пасля Апостальскай канстытуцыі Пія XII “Sponsa Christi”, прысвечанай жаночаму кансэкраванаму жыццю.

“Гэта быў доўгачаканы для кантэмпляцыйных кангрэгацый дакумент”, - прызналася сястра Элеанора Путорці з кляўзуровага кляштару ў італьянскім Каварэта. “Мы чакалі на аўтарытэтныя словы пасля ІІ Ватыканскага Сабору пра тое, кім мы з’яўляемся ўнутры Касцёла і якая наша роля. Гэта чаканне было ўзнагароджана. Францішак сказаў нам, што мы “маякі і факелы”, якія суправаджаюць шлях чалавецтва, што Касцёл мае патрэбу ў нас і, што на нас адказнасць, якую мы ўзялі на сябе ў Касцёле. Усё гэта перапаўняе нашы сэрцы”, - сказала законніца Ватыканскаму радыё.

Радасць і энтузіязм адчувае і сястра Марыя Глорыя Рыва, з кляўзуровай супольнасці Манахінь Эўхарыстычнай Адарацыі, бо Папа чарговы раз паставіў у цэнтр асноўнае пытанне кляўзуровага жыцця: манаства як такое. Ён патлумачыў, што гэта форма жыцця можа быць адказам для сучаснага чалавека. У дакуменце манахіня заўважыла імкненне Касцёла быць бліжэй да штодзённых выклікаў, з якімі сутыкаецца кожны кляштар: змяншэнне колькасці членаў, цяжкасці адукацыі, небяспекі з боку інтэрнэту. 

Рэакцыя двух сясцёр ясная і аднадушная: гэты дакумент забяспечвае шлях рэалізацыі харызматаў кожнай асобнай супольнасці, але ў той жа час дае ўніверсальныя прылады, неабходныя для таго, каб жыць у сучасным свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.