2016-07-25 13:26:00

Падпісана пагадненне паміж Святым Пасадам і Францыяй


У Ватыкане 25 ліпеня 2016 г. былі падпісаны папраўкі да дыпламатычных канвенцый ад 14 мая і 8 верасня 1828 года, а таксама папраўкі да канвенцый ад 4 мая 1974 г., 21 студзеня 1999 г. і 12 ліпеня 2005 г., якія адносяцца да рымскіх касцёла і кляштару Трыніта-дэі-Монці. З боку Святога Пасаду гэта здзейніў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі, а з французскага – Філіп Цэлер, пасол краіны пры Святым Пасадзе. 

Пагадненне спасылаецца на “французскі характар” комплекса Трыніта-дэі-Монці. У ім гучыць падзяка Ордэну Мінімітаў, якія займаліся касцёлам і кляштарам з XV па XVIII стагоддзі, Таварыству Найсвяцейшага Сэрца Езуса, што несла служэнне тут з ад ХІХ стагоддзя да 2006 года, а таксама Кляшторнаму брацтву ерузалемскіх братоў і Кляшторнаму брацтву ерузалемскіх сясцёр, якія апекаваліся комплексам з 2006 па сённяшні дзень.

Паколькі ўзгаданыя дзве манаскія супольнасці заявілі аб немагчымасці працягваць місію пры касцёле і кляштары Трыніта-дэі-Монці, апека над комплексам з 1 верасня 2016 г. будзе даверана Супольнасці Эмануэль, міжнароднаму грамадскаму аб’яднанню вернікаў на папскім праве, заснаванага ў Францыі ў 1972 годзе. Менавіта гэтыя змены і замацавалі папраўкі да ранейшых дыпламатычных канвенцый.

Па словах арцыбіскупа Галахера, пагадненне пацвярджае зацікаўленасць Апостальскай Сталіцы ў “высокакваліфікаванай” прысутнасці Францыі ў Рыме і яе жаданне, сумесна з французскім кіраўніцтвам, працягваць выкарыстоўваць комплекс на карысць хрысціянскай духоўнасці, культуры і французскай мовы.

Іерарх падзякаваў Супольнасці Эмануэль за гатоўнасць узяць на сябе адказнасць і служэнне французскай і рымскай культурнай спадчыне, а таксама за імкненне ўнесці свой уклад у прапаведніцкую місію Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.