Выконваючы абавязкі кіраўніка Залы Друку Святога Пасаду, кс. Федэрыка Ламбардзі паведаміў 22 ліпеня 2016 г. аб станоўчым адказе венесуэльскага кіраўніцтва на прапанову Апостальскай Сталіцы аказаць садзеянне ва ўрэгуляванні палітычнага канфлікта ў краіне.
“У Венесуэле распаўсюдзілася навіна, згодна з якой кіраўніцтва і апазіцыя краіны выказалі згоду на тое, каб прыняць умяшальніцтва ватыканскага боку для суправаджэння і палягчэння дыялогу паміж бакамі з мэтай урэгулявання сітуацыі ў краіне”, - сказаў кс. Ламбардзі, адказваючы на пытанні журналістаў.
Тым не менш, афіцыйнай заявы па гэтым пытанні, якое б удакладняла сутнасць і дэталі запыту з боку Венесуэлы, ні Апостальская нунцыятура ў краіне, ні Дзяржсакратарыят у Ватыкане яшчэ не атрымалі, дадаў святар.
Раней выбарчая кааліцыя Венесуэлы “Круглы стол дэмакратычнага адзінства”, у склад якой уваходзяць правацэнтрысцкія, цэнтрысцкія і левацэнтрысцкія палітычныя партыі, звярнулася да Апостальскага нунцыя ў краіне, арцыбіскупа Альда Джардана, з просьбай аб пасярэдніцтве ў канфлікце з кіруючымі сацыялістамі і ў працэсе вызвалення палітычных зняволеных. Для абмеркавання такой магчымасці ватыканскі дыпламат сустракаўся з уладамі краіны.
Таксама і папа Францішак нядаўна напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, у якім выказваў сваю заклапочанасць сітуацыяй у краіне і заклікаў да дыялогу, а не канфрантацыі.
У канцы красавіка венесуэльскія біскупы звярнуліся да ўраду краіны за дазволам для Каталіцкага Касцёла арганізаваць дастаўку прадуктаў харчавання і медыкаментаў насельніцтву краіны, якая перажывае небывалы эканамічны крызіс.
All the contents on this site are copyrighted ©. |