2016-07-23 12:57:00

Святы Айцец напісаў прадмову да кнігі пра Маці Тэрэзу


Папа Францішак напісаў прадмову да зборніка “Давайце любіць тых, каго не любяць” (Amiamo chi non è amato), прысвечанага благаслаўлёнай Маці Тэрэзе з Калькуты. Кніга ўтрымлівае дзве прамовы вядомай ва ўсім свеце законніцы, з якімі яна звярнулася да моладзі і законніц падчас сустрэчы з імі 18-19 кастрычніка 1973 г. у Мілане, і адказы на шматлікія пытанні, якія прагучалі пасля іх.

“Перачытваючы гэтыя старонкі, я падумаў аб’яднаць свае разважанні вакол пяці слоў”, - напісаў Пантыфік. Імі сталі малітва, дабрачыннасць, міласэрнасць, сям’я і моладзь.

Маці Тэрэза пачынала дзень з удзелу ў св. Імшы і завяршала яго адарацыяй Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Так можна ператварыць працу, якую выконваем на працягу дня, у малітву, лічыць Францішак. Маці Тэрэза, дадаў ён, нястомна запрашае нас чэрпаць з крыніцы Любові – Езуса, Які быў укрыжаваны і ўваскрос, застаўся прысутны ў Эўхарыстыі, каб мець моц дапамагаць самым бедным, з сэрцам, поўным радасці.

Дабрачыннасць, падкрэсліў Святы Айцец, азначае набліжэнне да “перыферыі” людзей, якіх сустракаем штодня, праяўленне спагады ў адносінах да іх. А гэта магчыма толькі тады, калі боль і патрэбы іншых мы прымаем у свае сэрцы. Дабрачыннасць – гэта сведчанне дабрыні Бога да кожнай раны чалавецтва.

Кажучы аб міласэрнасці, Францішак заклікаў праяўляць яе ў канкрэтных учынках для душы і цела бліжняга. Менавіта яны былі для Маці Тэрэзы правадніком па жыцці, дарогай да святасці, падкрэсліў Папа, і павінны стаць такімі для нас.

Сям’я асаблівым чынам вылучае асобу маці. Яна з’яўляецца “сэрцам дома, той, якая фарміруе сям’ю, прымаючы, любячы, праяўляючы клопат аб сваіх дзецях”, казала благаслаўлёная. Яна заклікала быць радасцю і Божым суцяшэннем для сям’і, несці ў яе малітву, нагадаў Францішак.

Нарэшце, Пантыфік узгадаў асаблівую спагаду, якую мела Маці Тэрэза да маладых людзей, і ў сваёй прадмове да кнігі заклікаў іх “не губляць надзеі, не дазволіць украісці ў сябе будучыню, якая ім належыць”. “Заставайцеся ў Пану і любіце, як любіць вас Бог, будзьце будаўнікамі мастоў, каб разбурыць логіку падзелаў, адчужэння, боязі адзін аднаго, служыце бедным, з адвагай выходзьце насустрач жыццю, якое ёсць Божым дарам”, - напісаў папа Францішак.

Зборнік “Давайце любіць тых, каго не любяць” падрыхтавала выдавецтва “Editrice Missionaria Italiana”. Кніга апублікавана 23 ліпеня 2016 г. і з’явіцца на паліцах кніжных магазінаў праз тыдзень, 29 ліпеня. Тэксты выступленняў благаслаўлёнай, змешчаныя ў зборніку, прысвечаны тэме “Бедныя з’яўляюцца надзеяй”.

4 верасня 2016 г. у Ватыкане адбудзецца кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові. Урачыстасці з гэтай нагоды будуць трываць у Рыме восем дзён.








All the contents on this site are copyrighted ©.