2016-07-22 14:53:00

Францішак выдаў дакумент аб жаночым кантэмпляцыйным жыцці


Апостальская канстытуцыя “Vultum Dei quaerere” (“Пошук Божага аблічча”) была абнародавана 22 ліпеня 2016 г. у Ватыкане. Новы дакумент папы Францішка, прысвечаны жаночаму кантэмпляцыйнаму жыццю, засяроджваецца на 12 асноўных тэмах і завяршаецца 14 распарадчымі артыкуламі, якія, па сутнасці, акрэсліваюць у прававым плане змест напісанага.

Быць “маякамі і факеламі”, якія суправаджаюць шлях чалавецтва і накіроўваюць яго да Хрыста, “дарогі, праўды і жыцця”, – так вызначыў Францішак заданне, якое стаіць перад кантэмпляцыйнымі манаскімі супольнасцямі. Гэтая місія, піша ён, не простая, калі ўлічваць рэальнасць, якая “падпарадкоўваецца законам улады, эканамічным і спажывецкім”. Папа заклікаў прадстаўніц кляўзуровых супольнасцяў “мужна весці духоўную барацьбу” са спакусамі, асабліва тымі, якія вядуць да “апатыі, руціны, адсутнасці матывацыі, паралізуючай ляноты”.

Свае разважанні Папа распачаў з тэмы фармацыі і малітвы. Першая “патрабуе няспыннага звароту да Бога” і адпаведнага тэрміну – ад 9 да 12 гадоў. Кляштары павінны надаваць вялікую ўвагу распазнанню паклікання і духоўнасці, а не кіравацца выключна паказчыкамі колькасці і эфектыўнасці. Малітва, у сваю чаргу, складае “сутнасць манаскага жыцця” і не павінна зводзіцца да замыкання супольнасці ў самой сабе. “Маліцеся і заступайцеся за будучыню чалавецтва”, - заклікаў Святы Айцец і дадаў, што такім чынам кляўзуровыя супольнасці стануць “сапраўднай школай малітвы”.

Наступнымі тэмамі сталі: “Lectio divina”, Эўхарыстыя і споведзь. Чытанне Божага слова павінна вызначаць як асабісты, так і пражыты ў супольнасці дзень манахінь і ў далейшым ператварацца ў дзеянне – ахвяраванне сябе іншым у любові. Дакумент рэкамендуе завяршаць літургію адарацыяй Езуса ў Эўхарыстыі, а сакрамэнт пакаяння перажываць як “прывілеяваную магчымасць для сузірання міласэрнага аблічча Айца” і праз гэта станавіцца “інструментамі паяднання, прабачэння і міру”, у чым свет мае “выключную неабходнасць”.

Затым Францішак засяродзіўся на тэме жыцця ў супольнасці, якое назваў надзвычайна важным сведчаннем у сённяшнім свеце, пазначаным “падзеламі і няроўнасцю”. “Гэта магчыма і цудоўна – жыць разам, нягледзячы на адрозненні ва ўзросце, фармацыі ці культуры”, бо “адзінства і супольнасць не азначаюць аднастайнасць”, адзначыў Папа.

Спыніўся Святы Айцец і на тэме аўтаномнасці кляштараў. Францішак падкрэсліў, што хоць яна і спрыяе стабільнасці і адзінству кантэмпляцыйнай супольнасці, не павінна, аднак, азначаць “незалежнасці або ізаляцыі”, а тым больш “самазасяроджанасці”.

Працягам гэтых разважанняў сталі словы Францішка адносна важнасці федэрацый – “структур, якія аб’ядноўваюць кляштары з аднолькавым харызматам”. Іх неабходна падтрымліваць і памнажаць. Услед за гэтым Папа выказаўся адносна кляўзуры, якую ахарактарызаваў як “знак выключнага саюзу Касцёла, заручанага з Панам”.

Тэмы працы і маўчання працягнулі змест папскага дакумента. Працу прадстаўніцы жаночых кантэмпляцыйных кангрэгацый павінны выконваць “з пабожнасцю і вернасцю”, не арыентуючыся на крытэрыі эфектыўнасці і занятасці, якія пагражаюць “загасіць дух сузірання”. Праца павінна разумецца як “служэнне чалавецтву і салідарнасць з беднымі”, напісаў Францішак. Маўчанне ж трэба ўспрымаць як “слуханне і разважанне над Божым словам”, цішыню, “багатую на любоў”, якая “чуе Бога і крык чалавецтва”.

Усведамляючы змены, якія адбываюцца ў грамадстве, у тым ліку, пад уплывам “лічбавай культуры”, Пантыфік узняў і тэму сродкаў камунікацыі ўнутры кантэмпляцыйнай супольнасці. Ён заклікаў да іх разважлівага размежавання, каб гэтыя медыя не сталі “марнаваннем жыцця ў супольнасці або ўцёкамі з яго, шкодай для паклікання або перашкодай для сузірання”.

Свае разважанні Пантыфік завяршыў тэмай аскезы, якая заключаецца ва “ўмеркаванасці, аддаленні ад свецкіх рэчаў” і зацвярджаецца ў паслухмянасці і адкрытасці адносін унутры супольнасці. Аскезу Францішак назваў “красамоўным знакам адданасці” ў глабалізаваным свеце, пазбаўленым каранёў.  Гэта не ўцёкі ад свету “па прычыне страху”, падкрэсліў Святы Айцец, бо манахіні “працягваюць быць у свеце, не будучы свецкімі”. Іх заданне – “няспынна заступацца за чалавецтва” перад Панам, слухаючы “крык” “ахвяр культуры адчужэння”. Так, у “глыбокай еднасці з Касцёлам”, прадстаўніцы кантэмпляцыйных супольнасцей будуць “лесвіцай”, па якой Бог зможа спускацца да чалавека, а чалавек – уздымацца да Бога, падсумаваў Францішак.  

Прадпісанне з 14 артыкулаў, якое завяршае Апостальскую канстытуцыю, уяўляе сабой сціслы выклад юрыдычнага характару вышэй азначаных разважанняў Святога Айца.

У прыватнасці, артыкул 3, прысвечаны фармацыі кансэкраваных асоб, устанаўлівае дазвол на наведванне прадстаўніцамі кантэмпляцыйных супольнасцяў фармацыйных курсаў “у тым ліку і па-за межамі свайго кляштара”, з захаваннем асяроддзя, адпаведнага харызмату кангрэгацыі. Неабходна, аднак, “цалкам пазбягаць вербавання кандыдатаў з іншых краін з адзінай мэтай – дбаць аб выжыванні кляштара”.

Артыкул 8 пералічвае рэквізіты, неабходныя для юрыдычнай аўтаноміі супольнасці, сярод якіх – права на фарміраванне і кіраванне, уключэнне ў мясцовы Касцёл, магчымасць для суіснавання. У выпадку невыканання гэтых крытэрыяў, Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця “ацэніць мэтазгоднасць стварэння камісіі “ad hoc” для “аднаўлення кляштара або яго закрыцця”. А, напрыклад, артыкул 9 сцвярджае, што “з самага пачатку ўсе кляштары павінны ўваходзіць у склад федэрацыі”, якая можа быць створана па геаграфічным прынцыпе або згодна з духоўнымі мэтамі супольнасцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.