2016-07-22 13:55:00

Святы Пасад у АБСЕ пра прадухіленне дыскрымінацыі жанчын


Прадстаўнік Святога Пасаду пры АБСЕ прыняў удзел у дэбатах на тэму прадухiлення сексуальнага гвалту ва ўмовах канфліктаў. Яны прайшлі 21 ліпеня 2016 г. у Вене. Мансеньёр Януш Урбанчык у пачатку сваёй прамовы адзначыў ключавую ролю жанчын, якую яны адыгрываюць у пашырэнні міру і бяспекі. У той жа час, менавіта жанчыны становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту падчас узброеных канфліктаў, але і не толькі падчас іх.

Прэлат заўважыў, што Апостальская Сталіца, са свайго боку, імкнецца працаваць для прадухілення такіх сітуацый і спынення беспакаранасці, аказання дапамогі і абароны ахвярам насілля, а таксама развіцця мер эфектыўнай падтрымкі, догляду і рэабілітацыі ахвяр.

Падыход Каталіцкага Касцёла грунтуецца на цвёрдай упэўненасці, што мужчына і жанчына створаны на вобраз і падабенства Бога і “ў роўнай ступені надзелены рацыянальнай душой”, “той жа прыроды і таго ж паходжання”, і што роўнасць усіх мужчын і жанчын “абапіраецца галоўным чынам на іх годнасці як асобы і правах, якія выцякаюць з гэтага”. Такім чынам, няроўнасць, якая парушае гэту годнасць, “знаходзіцца ў адкрытай супярэчнасці з Евангеллем” і таму супярэчыць вучэнню Касцёла. Не існуе ніякага апраўдання любому віду гвалту, сексуальнаму ці іншаму, у адносінах да жанчын, патлумачыў ватыканскі дыпламат і спаслаўся на адгартацыю папы Францішка “Amoris Lætitia”.

Святы Пасад лічыць, што пошук сапраўднай роўнасці паміж жанчынай і мужчынам з’яўляецца прадметам канкрэтных, практычных і штодзённых разважанняў. Тут гаворка ідзе пра роўную аплату за роўную працу, абарону працуючых маці, справядлівасць у кар’еры, роўнасць мужа і жонкі ў дачыненні да сямейных правоў, прызнанне ўсяго таго, што з’яўляецца часткай правоў і абавязкаў грамадзян у дэмакратычнай дзяржаве, спаслаўся кс. Урбанчык на “Ліст да жанчын” Яна Паўла ІІ.

Прэлат адзначыў, што Апостальская Сталіца цалкам падтрымлівае абавязацельствы АБСЕ, накіраваныя на дасягненне сапраўднай роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі, а таксама на вырашэнне праблемы дыскрымінацыі па прыкмеце полу. Тым не менш, існуе занепакоенасць тым, што гэтыя галоўныя пытанні ў рамках АБСЕ могуць “заблытацца” ў іншых мэтах і інтарэсах, якія не належаць да першапачатковых абавязацельстваў.

У завяршэнні сваёй прамовы ватыканскі дыпламат падзякаваў выканаўчым структурам АБСЕ за намаганні, якія прадпрымаюцца ў мэтах пашырэння роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі, а таксама поўнага і роўнага ўдзелу жанчын і мужчын у грамадскім жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.