2016-07-22 13:07:00

Пантыфік спачувае ў сувязі са смерцю Кармэн Эрнандэс


Папа выказаў сваё спачуванне членам Неакатэхуменальнага шляху з прычыны смерці яго сузаснавальніцы Кармэн Эрнандэс. Францішак адзначыў, што жанчына прыйшла доўгі жыццёвы шлях, “адзначаны любоўю да Езуса і вялікім місійным запалам”. Ён выказаў сваю блізкасць сям’і памерлай, усяму каталіцкаму руху, а таксама тым, хто захапляўся яе служэннем, якое, як адзначыў Папа, выяўлялася ў адкрыцці багацця хросту і бесперапынным узрастанні ў веры. 

“Я дзякую Пану за сведчанне гэтай жанчыны, ажыўленае шчырай любоўю да Касцёла, якая прысвяціла сваё жыццё абвяшчэнню Добрай Навіны ў многіх асяроддзях, нават самых супярэчлівых, не забываючыся пры гэтым пра найбольш маргіналізаваных асоб”, - напісаў Пантыфік у сваёй тэлеграме на імя Кіка Аргуэла, заснавальніка Неакатэхуменальнага шляху, самай бліжэйшай паплечніцай якога была Кармэн Эрнандэс.  

Францішак даверыў душу памерлай дабрыні Бога і заклікаў паслядоўнікаў Неакатэхумената, захаваць у жыцці “евангелізацыйнае хваляванне”, якое мела Кармэн Эрнандэс, працуючы ў актыўнай камуніі з біскупамі і святарамі, даючы сведчанне цярплівасці і міласэрнасці да усіх.

Кармэн Эрнандэс памерла 19 ліпеня 2016 г. ва ўзросце 85 гадоў у Мадрыдзе. Яна разам з Кіка Аргуэла заснавала ў Іспаніі ў 1964 г. каталіцкі рух, які атрымаў назву Неакатэхуменальнага шляху. На працягу многіх гадоў Эрнандэс была адказная за яго дзейнасць на міжнародным узроўні. Неакатэхуменальныя супольнасці дзейнічаюць сёння ў 120 краінах па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.